Порту ўзімку



Зімовы сезон, калі не камфортна адчуваеш сябе ў сцюжы, самы час выбрацца туды, дзе цяплей, а пералёт каштуе найтанней. Запрашаем пазнаёміцца з Порту.

Порту – другі па значнасці горад Партугаліі пасля Лісабона, які размешчаны на поўначы краіны ў 320 кіламетрах ад сталіцы. Ад Порту каля 90 кіламетраў ад мяжы з Гішпаніяй. Узімку ў гэтых мясцінах магчымыя дажджы, але клімат мягкі. Напрыклад, 17-га студзеня ўдзень было 16,5 С°.

Порту – гэта кангламерацыя гарадоў, агулам там жыве больш за паўтара мільёна чалавек, хаця само Порту мае ўсяго каля 230 тысячаў жыхароў. Гісторыя Порту пачынаецца тры тысячы гадоў назад.

Гаспадарка Порту моцна звязаная з далінай ракі Доўро. Цягам стагоддзяў гэтыя мясціны былі важным цэнтрам гандлёвага абмену. Найвялікшай рухаючай сілай гандлю, была вытворчасць вінаў, у тым ліку вядомага порта. Горад стаў сваеасаблівай брамай у свет для вінных прадуктаў, што вырабляліся ў даліне.

Для экскурсіі ў Порту можна скарыстацца двухпавярховымі аўтобусамі турыстычнай фірмы Yellow Bus Tours Porto. Аўтобусы маюць аўдыёгіды на васьмі мовах, сярод якіх ёсць і расейская. Аўтобусы кшталту hop-on hop-off, дзе можна выйсці каля гістарычнага аб’екта, а праз пэўны час сесці ў іншы аўтобус гэтай жа лініі. Ёсць і іншыя віды транспарту для турыстаў: фанікулёры, канатны чыгуначны вагон каля маста Людовіка І, трамваі, электра цягнічок, які робіць малое кола па цэнтру Порту ды інш.

Порту можна назваць горадам мастоў. Два з іх маюць сапраўды гістарычную і эстэтычную прывабнасць, бо іх пабудавалі вучні Агюста Эйфеля.

Аррабіда найбольш выцягнуты на захад мост над ракой Доўро. Пабудаваны у 1963 годзе, мае шэсць палос аўтастрады і працягласць 493,2 м.

Нельга пабываць у Порту і не пачаставацца порта – віном. Гэта віно да якога дадаецца дыстылят. Яны бываюць салодкія або паўсалодкія, чырвонага, ружовага ці белага колеру. А па моцы ад 18% да 22% алкаголю. Найбольш папулярным стала порта з 18-га стагоддзя, калі віно пацякло караблямі ў Ангельшчыну. Вінны рэгіён горнага Доўро, з якога робяць порта, унесены ў спіс ЮНЭСКА. Сустракаюцца і іншыя віны з гэтай мясцовасці.

Працяг будзе.

Беларускае Радыё Рацыя