Прага: Вольскі, Дзень Еўропы, каштаны ды Скарына



Падарожжа ў сталіцу Чэхіі ў першай палове траўня адбылося ў маім жыцці ўпершыню, аднак уражанні застаюцца да сённяшняга часу. Прага шматгранная і кожны заўсёды знойдзе для сябе нешта новае: тут і старыя вулачкі і сучасныя гмахі, вьетнамскія гандляры ў маленькіх крамах, старыя трамвайчыкі і сучасныя станцыі метро.

Падарожжа пачалося з Беластока, дзе мы селі ў аўтобус кампаніі Polskibus і рушылі ў Варшаву, дзе пасля невялікага перапынку аўтобус павёз нас праз Лодзь і Уроцлаў да чэшскай сталіцы. Квіткі на аўтобус ў два бакі каштавалі смешныя грошы – 30 еўра, бо набывалі мы іх за месяц да паездкі. Прыехалі ў Прагу а 5-й раніцы і накіраваліся на кватэру, якую мы таксама знялі загадзя  на адным з сайтаў. Гаспадары сустрэлі нас вельмі прыязна і адразу прапанавалі нам сняданак і невялікія падарункі, як гасцям Прагі.

Усім падарожнікам,  што збіраюцца ў Чэхію раю мяняць грошы ў Польшчы, або ў абменніку на мяжы, каб мець трохі наяўных чэшскіх крон. Абмен даляраў ці еўра ў Чэхіі адбываецца з камісіяй, якая можа скласці нават 20% ад сумы. Картка Visa любога беларускага банка таксама выйсце з сітуацыі, аднак не ўсе кавярні або крамы прымаюць карткі. Кожны банкамат таксама можа выдаць вам грошы, але які будзе пры зняцці – гэта залежыць ад банку.

Першы дзень – канцэрт Лявона Вольскага, на які прыйшло з паўсотні мясцовых беларусаў. Валоданне мовамі ў Празе – гэта дадаковы плюс пры размове з жыхарамі Чэхіі. Ангельскую мову ведае большасць, а польскай, ці расейскай я б не раіў карыстацца – ў большасці чэхаў засталася памяць пра 1968 год, калі польскія войскі прыйшлі сюды разам з савецкімі.

Што можна пабачыць за тыдзень у чэшскай сталіцы: цэнтр горада, наведаць Карлаў мост ці праехацца па цікавым маршруце праз старажытны цэнтр, пабываць у адным з самых вялікіх заапаркаў Еўропы, убачыць цудоўны астранамічны гадзіннік. Помнік беларускаму першадрукару Скарыне, якога тут ведаюць як закладальніка батанічнага саду, які мы сустрэлі выпадкова блукаючы ў апошні дзень каля Пражскага граду.

Нам пашчасціла трапіць па святкаванне Дня Еўропы і ўзгадаць перамогу ў Другой сусветнай, убачыць пражскі Майдан і сустрэць знаёмых з Беларусі. Убачылі мы і жаўнераў ў старой чэхаславацкай вопратцы і кветкі каля помнікаў. А “каларадскія” колеры зашкальвалі ў Празе на 9 траўня – ў кавярнях і па горадзе гучала расейская мова.

Што да падарожжаў грамадскім транспартам, то раім набыць „ездынку” (праяздны) на тры дні будзе каштаваць 310 крон – гэта прыкладна 12 еўра. Гэтым праяздным можна карыстацца ў любым грамадскім транспарце. Квіток на суткі будзе каштаваць 110  крон – прыкладна 4 еўра.

Мы патрапілі ў Чэхію, калі там адбываўся сусветны хакейны чэмпіянат – заўзятараў можна было сустрэць у розных нечаканых месцах. Латышы ды шведы, аўстрыйцы і швейцарцы шпацыравалі ў фанацкай вопратцы ў розных частках горада невялікімі групамі. Самымі гучнымі былі шведы і латышы, якіх можна было сустрэць выходзячымі з бараў пасярод начы.

А беларускіх дзяўчат здзівілі чырвоныя каштаны, якія немагчыма сустрэць у Беларусі і вялікая колькасць птушак. Прага – мы яшчэ вернемся…

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя