Праваслаўныя каляды ў Вільні на Кафедральнай плошчы
Шматнацыянальная Вільня адзначыла Раство і 7 студзеня. Падчас святочнага канцэрта гучалі віншаванні з Калядамі на адрас праваслаўнай і стараабрадніцкай суполак. Асаблівыя пажаданні гучалі для бежанцаў-украінцаў, якія жывуць у Вільні.
Айцец Георгій Каваленка, які прыехаў з Кіева, з Сафійскага сабора, таксама павітаў прысутных на Кафедральнай плошчы і пажадаў ім усяго найлепшага:
– Тое, што спявалі анёлы пастухам, якія першымі даведаліся пра нараджэнне збавіцеля. Слава вышніх Богу, на зямлі мір, паміж людзьмі прыязнасць. Хрыстос нарадзіўся! Хрыстос нарадзіўся! Хрыстос нарадзіўся!
Як зазначыў святар, у час нараджэння Ісуса Хрыста мы можам дарыць падарункі як самаму Езусу, так і іншым людзям у выглядзе добрых спраў:
– Людзі сустракаюцца з Хрыстом, калі дапамагаюць іншым. Людзі сустракаюцца з Богам, калі атрымліваюць дапамогу. Галоўнае пачуццё ўкраінцаў у Літве – гэта падзяка ад украінскага народу літоўскаму народу, усім тым, хто прымае сёння нашых жанчын і дзяцей, усім тым, хто падтрымлівае Украіну, усім тым, хто жадае нам перамогі.
Падчас свята выступілі Міжнародны мужчынскі хор „УНІА”, Яўген Хрыбтоў, Ігар Ярмоленка, украінскія фальклорныя ансамблі „Макаўка” і „Каліна”, беларускі ансамбль „Жавароначкі”, Рафаіл Карпіс, дзіцячы тэатр танца Angel Project.
Паводле перапісу 2011 года, 51,5% жыхароў Літвы расейскай нацыянальнасці прытрымліваецца праваслаўнай веры, 11,9% расейцаў лічаць сябе рыма-каталікамі, 11,8% – стараверамі, 0,2% – евангелістамі-лютэранамі, 0,2% – евангелістамі-рэфарматарамі.
Беларускае Радыё Рацыя