Праз 90 год у Беларусь вярнуўся лясны кот
Лясны кот (Felis silvestris) – прыгожая дзікая жывёла, некалі шырока распаўсюджаная ў лісцяных і змешаных лясах Еўропы. Ён адрозніваецца ад свайго бліжэйшага суродзіча – хатняга ката – буйнымі памерамі, лютым норавам і нелюдзімасцю.
Фота liveinternet.ru
Акрамя агульных памераў, найбольш важнымі знешнімі прыкметамі лічацца вялікая даўжыня задняй ступні, наяўнасць чорных плям на ўнутраным баку лап, форма і афарбоўка хваста: у ляснога ката ён шырокі, тупы, як адсечаны, з 3-5 выразнымі чорнымі палосамі, з якіх адна – канцавая.
У XVIII-XIX стагоддзях адбылося значнае скарачэнне колькасці гэтага віду і фрагментацыя яго арэала. У Беларусі ён лічыцца вымерлым. Апошні асобнік быў здабыты зімой 1927 г. у Барысаўскім раёне Менскай вобласці.
У Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку ў рамках выканання праекта па вывучэнні ваўка ў 2016-2017 гадах было ўсталявана больш за дзясятак фотапастак. 22 чэрвеня 2017 года адна з камер, размешчаная ў былым населеным пункце Рожава (Нараўлянскі раён), сфатаграфавала ляснога ката.
Б.н.п. Рожава размешчаны глыбока ў зоне адчужэння, у 25 км ад бліжэйшага жылога населенага пункта. Нягледзячы на нізкую якасць начной здымкі, на фота добра бачныя асноўныя азначальныя прыкметы віду, пра якія гаварылася вышэй: буйны памер, доўгая задняя ступня і масіўны хвост з пяццю выразнымі чорнымі палосам.
Такім чынам, пасля 90 гадоў сваёй адсутнасці лясны кот вярнуўся на беларускую зямлю. Будзем спадзявацца, што гэта не вандроўная адзінкавая асобіна і з’яўленне яе ў запаведніку не выпадковасць. Як не было выпадковасцю з’яўленне там жа рысі, мядзведзя, коней Пржэвальскага і многіх іншых відаў, якія прайшлі свой шлях ад першай рэгістрацыі ў запаведніку да стварэння ўстойлівых лакальных груповак.