Праз новы штам каронавіруса шэраг краін закрывае авіяспалучэнне



Так, Ізраіль і Марока забаранілі ўезд для ўсіх замежнікаў. Меру з-за новага штаму „Амікрон” увялі на два тыдні.

Першым закрыўся Ізраіль. Улады гэтай краіны аб’явілі, што з вечара нядзелі, 28 лістапада, на два тыдні забароняць уезд іншаземцам. Па даных Times of Israel, выключэннем будуць толькі тыя, хто атрымае спецыяльны дазвол ад урадавай камісіі.

Краіна толькі з лістапада адкрылася для прышчэпленых турыстаў, а са снежня планавалі пускаць у тым ліку вакцынаваных расійскім прэпаратам «Спутник V».

Следам улады Марока аб’явілі, што з панядзелка, 29 лістапада, спыняць прыём пасажырскіх авіярэйсаў з-за мяжы. Зноў-такі з-за распаўсюджвання новага штаму каранавіруса. Пра гэта паведамляе мараканскае міністэрства замежных спраў.

У краіне ўдакладнілі, што на працягу гэтага двухтыднёвага тэрміну будуць адсочваць сітуацыю з распаўсюджваннем каронавіруса, пасля чаго вырашаць, ці варта працягваць забарону на авіязносіны.

Напярэдадні ўлады Еўразвяза заявілі, што трэба прыпыніць авіязносіны з паўднёваафрыканскімі краінамі з-за новага варыянта каронавіруса. З вечара пятніцы, 26 лістапада, Турцыя забараніла перасякаць межы дзяржавы сухапутным, паветраным, марскім і чыгуначным шляхам для тых, хто прыязджае з Батсваны, ПАР, Мазамбіка, Намібіі і Зімбабвэ. У той жа час у Ганконгу ўзмацнілі жорсткасць каранціна для прыбываючых з васьмі краін Афрыкі, а Кувейт вырашыў прыпыніць рэйсы з дзевяці дзяржаў гэтага рэгіёну.

officelife.media