Праз сеціва на чыгуначны транспарт набываюць ужо 30 % квіткоў



Летась кожны чацвёрты білет на цягнікі з нумараванымі месцамі быў аформлены праз інтэрнэт. У цэлым па выніках мінулага года было прададзена 3,2 млн электронных білетаў, што склала 25 % ад усіх квіткоў на цягнікі Беларускай чыгункі з нумараванымі месцамі, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі.

Пры гэтым у снежні мінулага года доля продажу электронных праязных дакументаў вырасла да 30 %. Гэта звязана ў тым ліку і з пачаткам шырокага выкарыстання афіцыйнага мабільнага дадатку “БЧ. Мой цягнік”, якое стала даступным для запампоўкі на платформах Android і iOS. Таксама на карпаратыўным сайце www.rw.by запрацаваў абноўлены раздзел “Паслугі пасажырам”, у якім з’явілася магчымасць аформіць праязныя дакументы непасрэдна пры праглядзе раскладу без пераключэння на іншыя рэсурсы. Па выніках студзеня 2020 года было аформлена больш за 270 тысяч электронных праязных дакументаў на цягнікі з нумараванымі месцамі, доля продажу таксама склала 30 %.

Дадатковым стымулам для выкарыстання новых рэсурсаў стала адмена з 1 снежня мінулага года камісійнага збору пры афармленні электронных білетаў. Гэта значыць, электронны квіток з электроннай рэгістрацыяй цяпер абыходзіцца пасажырам танней, чым пры куплі ў білетнай касе.

Варта адзначыць, што з дапамогай мабільнага дадатку “БЧ. Мой цягнік” і новага раздзелу “Паслугі пасажырам” на афіцыйным сайце rw.by ўпершыню стала магчымым набываць электронныя квіткі і на цягнікі з ненумераванымі месцамі. У снежні-студзені было прададзена больш за 40,7 тысячы электронных білетаў на цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа і гарадскіх ліній.

Зручнай опцыяй для пасажыраў, якія штодня карыстаюцца гэтымі цягнікамі для паездак, да прыкладу, на працу, стала магчымасць аплаціць праз дадатак паездкі адразу на ўвесь працоўны тыдзень, а затым па меры неабходнасці актываваць іх.

Далейшая работа Беларускай чыгункі па ўдасканаленні электронных каналаў продажу праязных дакументаў будзе скіравана на зняцце абмежаванняў па электроннай рэгістрацыі.

zviazda.by