Пры Гальшанскім замку адкрыўся візіт-цэнтр
У Гальшанскім замку з’явіўся візіт-цэнтр, які ўжо зараз могуць наведаць падарожнікі. Сам гістарычны аб’ект знаходзіцца на стадыі музеефікацыі і да вясны бягучага года стане цалкам даступным для турыстаў.
Інфраструктура каля гістарычнага аб’екта была створана яшчэ да багатых снегападаў. І вось, зусім нядаўна дзверы расчыніў візіт-цэнтр, які знаходзіцца ў некаторым аддаленні ад Гальшанскага замка.
Інфармацыйны пункт уяўляе сабой два невялікіх будынкі — адміністрацыйны, найбольш цікавы для турыстаў, і санітарны.
У візіт-цэнтры можна даведацца не толькі аб Гальшанскім замку і самім мястэчку Гальшаны, але і аб цікавых гістарычных аб’ектах раёна.
— У галоўным будынку будуць размяшчацца экскурсаводы, куратары і іншыя супрацоўнікі музея, — тлумачыць Сяргей ЖЫЛІК, метадыст Ашмянскага раённага цэнтра культуры. — Цяпер тут абсталявана зона рэсэпшн і наладжаны продаж сувенірнай прадукцыі, але цэнтрам залы з’яўляецца інфа-панэль, якая дазваляе здзейсніць віртуальнае падарожжа па Ашмянскім раёне.
Пакуль спецыяльны электронны кіёск запоўнены інфармацыяй толькі напалову. Тым не менш, выкарыстоўваючы панэль як планшэт, можна знайсці поўныя звесткі аб гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна: галоўных турыстычных аб’ектах, важных гістарычных асобах, унікальных прыродных маршрутах.
Акрамя славутасцяў інфакіёск распавядае аб гасцініцах, грамадскіх пунктах харчавання і аграсядзібах Ашмяншчыны, у якіх можа спыніцца кожны жадаючы падарожнік.
У сувенірнай краме, размешчанай там жа, можна набыць унікальныя гліняныя вырабы, зробленыя мясцовымі майстрамі. У іх творах адлюстроўваюцца сюжэты, рамантызаваныя ў беларускай літаратуры. Тут і Чорны манах, і аблічча Соф’і Гальшанскай.
Дарэчы, каля гістарычнага аб’екта цалкам добраўпарадкавана прыпалацавая тэрыторыя з вялікай аўтамабільнай стаянкай, а таксама выкананы мантаж вонкавага асвятлення, усталявана падсвятленне і відэаназіранне.
Ва ўпраўленні культуры Гарадзенскага аблвыканкама адзначылі, што будаўніцтва візіт-цэнтра было выканана за кошт бюджэтных сродкаў Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта. Астатнія работы ў Гальшанскім замку вядуцца дзякуючы атрыманым грошам з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.
Акрамя таго, Гальшанскі замак з’яўляецца ўдзельнікам дзяржпраграмы «Культура Беларусі», разлічанай на 2016–2020 гады, і сёлета пададзена паўторная заяўка на дадатковае фінансаванне.
Аліса Скіба, zviazda.by
Фота аўтара