Прырода ў кадры Максіма Вейзе
Максім Вейзе – жыхар гарадскі! Усё жыццё фотамастака прайшло ў Менску, але ў кадры – зусім не гарадскія ландшафты Беларусі і Замежжа. Розныя поры году. Розныя ландшафты.
У топе падарожжаў фотамастака – Славакія, украінскія Карпаты і польскія Татры. Максім Вейзе падарожнічае выключна на аўтамабілі і аднойчы даехаў аж да Лафатэнскіх выспаў у Нарвегіі. Рэкорд трыпу без сну і адпачынку – 1500 км. Аўтамабіль – гэта самастойнасць, хуткасць і незалежнасць у перамяшчэннях. Пасля траўмы, атрыманай 25 год таму, усе падарожжы трэба метадычна прадумваць… Шмат мясцінаў прыгожых у свеце і мноства іх у роднай Беларусі, але адна справа – убачыць прыгожы пейзаж, а іншая – трапіць туды вазочніку! Зрэшты, надзейныя сябры заўжды падстрахуюць і падставяць плячо.

У свой час Максім скончыў БДУ. Цяпер зарабляе на жыццё рамонтам кампутараў, а падарожжы і фатаграфія – справа для душы… Зрэшты, усё ўзаемазвязана: хімія, фота, падарожжы далёкія і блізкія… Дарэчы, пандэмія каронавірусу для многіх вандроўнікаў “заблакавала” замежныя паездкі, затое дазволіла нанова ўбачыць родны край: Усу, Нёман, Вілія і нават Свіслач… І Максім Вейзе тут не выключэнне з правілаў – актыўна падарожнічаў па Беларусі.












Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Максіма Вейзе
