Прывіды Ніжняй Сілезіі
Ніжняя Сілезія мае шмат замкаў, палацаў, закінутых цэркваў, дамоў, паводле некаторых, населеных прывідамі. З імі звязаны брутальныя легенды або апавяданні мясцовых жыхароў.
Сёння я распавяду пра некаторыя з іх:
Маўзалей у Бехове
Недалёка ад горада Глогава знаходзіцца маўзалей-пахавальня роду Хофмайстараў. Тут пахаваны Аўгуст Хофмайстар і яго жонка Гертруда. Яму належаў даваенны завод печаў, пліткі для падлогі і будматэрыялаў. Аўгуст памёр у 1926 годзе, яго жонка — праз 7 гадоў. Маўзалей знаходзіцца ў вёсцы Бехув (Biechów), якую апошнія жыхары пакінулі ў 2003 годзе. Судзячы па ўсім, па вечарах вакол маўзалея чутныя чалавечыя галасы. Жыхары бліжэйшых гарадоў гавораць, што лепш абыходзіць гэтае месца бокам.
Палац павешаных ў Глінцы
Першая згадка вёскі датуецца 1244 годам, а сваю назву яна атрымала дзякуючы гліністай глебе. На працягу стагоддзяў гэтыя тэррыторыі належалі сям’і фон Дыр, фон Стош, у 1831 годзе перайшлі ў рукі сямʼі фон Цобельціц, менавіта па іх ініцыятыве была пабудавана вялікая рэзідэнцыя. Велізарны будынак называюць «Палацам павешаных» ці «Палацам самагубцаў». Кажуць, што ён быў пабудаваны на месцы старых могілак самагубцаў, няшчасных, якія вешаліся на дрэвах палацавага саду. З тых часоў нейкая таямнічая сіла прываблівае ў палац усё новых самагубцаў.
Замак Гродзец
У познегатычным замку, які знаходзіцца каля вёскі Гродзец (Grodziec) жыве чырвоны прывід. Ён блукае па замкавых залах у выглядзе шкілета рыцара, убранага ў даспехі і пурпурны плашч. З запісаў 19 стагоддзя вынікае, што гэта здань блукала тут яшчэ ў часы Легніцкіх Пястаў. Яго легенда звязана з кашталянам Янам, які праславіўся тым, што быў несправядлівы і злы. Паводле легенды ён змяніўся пасля таго, як яму з’явіўся прывід у чырвоным плашчы і даспехах у выглядзе шкілета.
Дом д’ябла
Дом д’ябла – гэта стары чыгуначны дом з чырвонай цэглы, размешчаны недалёка ад Пшэдмосці Свенты (Przedmościa Świętego), невялікага мястэчка ў Ніжняй Сілезіі. Яшчэ некалькі гадоў таму ў ім нехта жыў, а сёння ён закінуты. Судзячы па ўсім, у закінутай і часткова разбуранай хаце жыве сам д’ябал. Камандзе „Mystery Hunters„, якая пабыла ў закінутым доме, з дапамогай прафесійнага абсталявання, такога як датчыкі электрамагнітнага поля, датчыкі руху і камеры, атрымалася пабачыць таямнічы энергетычны шар.
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя