Прывіды Ніжняй Сілезіі (2)



Падчас таго, калі ўвесь свет у той ці іншай форме згадвае сваіх продкаў, мы працягваем сваё падарожжа па закінутых палацах і замках Ніжняй Сілезіі разам з іх прывідамі і духамі. Першую частку можна прачытаць па спасылцы.

Палац у Ослэй

Палац у Ослэй (Schloss Aslau) у гміне Грамадка быў пабудаваны каля 1830 г. на месцы цалкам згарэлага замка.

Апошнімі даваеннымі ўладальнікамі маёнтку была сям’я Баббертаў. Пасля вайны гэты будынак быў перададзены саўгасу, і з гэтага моманту пачаўся працэс яго разбурэння. Да 2017 года разбураны палац упрыгожвала драўляная вежа, пакрытая зялёнай пліткай. Яе вянчаў металічны шар, на якім „сядзеў” певень. Але нехта разбурыў вежу, і певень знік. Таксама знікла і таямнічая сфера, а раней меркавалася, што там можа быць схаваны каштоўны скарб. Справа так і не высветлена.

Святая Гара ў Любаўцы

На Святой гары ў Любаўцы, размешчанай на вышыні 701 м над узроўнем мора, захаваліся шматлікія капліцы з XVIII-XIX стагоддзяў.

Раней гэтае месца наведвалі шматлікія паломнікі. За апошнія дзесяцігоддзі закінутае месца зарасло лесам і, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, палохаюць іх тут не толькі пашкоджаныя цягам часу сцены.

Замак Чоха

Замак Чоха – гэта не толькі адная з самых вядомых турыстычных славутасцяў Ніжняй Сілезіі, але паводле мясцовых жыхароў, таксама і месца з прывідамі і злымі духамі.

Экскурсаводы часта распавядаюць пра таямнічыя гукі – крокі, шэпт, гуканне ў калідорах і гучны лямант з падзямелляў. Са дна студні нібыта часам чуваць крыкі з просьбай дапамагчы. Прадметы мяняюцца месцамі, а дзверы і вокны самавольна адчыняюцца і зачыняюцца. У вокнах часта зʼяўляюцца прывіды. Людзі часта кажуць пра адчуванне нейкай прысутнасці і дотыку нябачных рук. Гісторыя з’яўлення злых духаў звязана з легендай пра Іахіма фон Носціца, які, вярнуўшыся пасля некалькі гадоў падарожжа ўбачыў, як яго жонка карміла пазашлюбнае дзіця. Помста шляхціца была жорсткай – жонку кінулі ў калодзеж, а дзіця жывым замуравалі ў каміне. Іншая легенда распавядае аб Гертруде, якая аддала замак гусітам падчас гусіцкіх войнаў, што прывяло да смерці яе брата. Цяпер яна з’яўляецца ў замку Чоха ў выглядзе белай дамы.

Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя