Раготна – старэйшае мястэчка на Дзятлаўшчыне
Нямецкі афіцэр Вальтэр падчас Першай сусветнай вайны апынуўся на Дзятлаўшчыне. Ён быў добрым мастаком і маляваў вёскі ў якіх знаходзіліся ён і яго саслужыўцы. Пад аловак Вальтэра ў 1915 годзе трапіла і вёска Раготна. Маляваў вёску Раготна Вальтэр 20 лістапада 1915 года. У вёсцы ўжо было шмат снегу. Снег ляжаў на стрэхах дамоў, здалёк віднеўся касцёл. На той час у Раготне пражывалі больш за 400 жыхароў. Праўда, многіх расейскія казакі выгналі ў бежанства.
Сёння, вядома ж, Раготна іншае. Захаваўся касцёл. Яго першы будынак быў узведзены ажно ў 1400 годзе. Але касцёл двойчы знішчаўся і аднаўляўся. І толькі ў 1840 годзе яго пабудавалі з цэменту. Але пасля паўстання 1963 года, касцёл у Раготне перайшоў да праваслаўных вернікаў. А настаяцель касцёла Аўгусцін Ліпка за дапамогу паўстанцам быў арыштаваны і сасланы ў гарадзенскую турму. І толькі ў 1929 годзе храм у Раготне вярнулі каталікам. Але і на гэтым выпрабаванні касцёла Святых Анёлаў-Захавальнікаў не скончыліся.
Пасля Другой сусветнай вайны саветы зачынілі касцёл, а ў ім адкрылі вясковую краму. І толькі ў 1989 годзе касцёл зноў вярнулі вернікам. Сёння ён упрыгожвае Раготна і з’яўляецца выдатным помнікам класіцызму.
Насупраць касцёла Святых Анёлаў-Захавальнікаў знаходзіцца помнік 11 землякам, якія загінулі падчас вайны. Недалёка – будынак былой вясковай сталовай. Яна ўжо не працуе, бо няма каго харчаваць.Таму памяшканне пустуе.
Найбольш вясёлым месцам у Раготне з’яўляецца вясковая базавая школа. Хоць у ёй няшмат ужо вучацца дзетак, але школа яшчэ ёсць. Праўда, перспектыва ў яе сумная – праз год-другі школу могуць зачыніць.
Па словах дзятлаўскага краязнаўца і грамадскага актывіста Валерыя Петрыкевіча, Раготна – адно са старэйшых паселішчаў на Дзятлаўшчыне. Першы ўспамін пра Раготна згадваецца ў крыніцах XV стагоддзя. А сама назва вёскі паходзіць ад назвы арыенціра: насяленне на вуглу леса ці возера.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён
Фота аўтара