Райскі сад на Шры-Ланцы
Сярэднестатыстычны беларус наўрад ці адрозніць ланкійца ад індыйца. І тыя, і тыя – нізкарослыя белазубыя людзі колеру соевага батончыка. А розніца, між іншым, неверагодная: і ў ментальнасці, і ў паводзінах, і ў стаўленні да працы. У Індыі шмат бессэнсоўнага бляску і паказухі, прытым гэты бляск бессаромна суседнічае са страшэннай галечай. Толькі ў Індыі можна пабачыць шыкоўны “ферары” з пазалочанымі бамперамі побач з жахлівымі трушчобамі, злепленымі з крадзеных рэкламных шчытоў… Даводзілася бачыць такое ў Бамбеі.
На Шры-Ланцы народ больш сціплы, больш разважлівы, ветлівы і працалюбны. Тут ніколі не сустрэніш смярдзючых гурбаў смецця, як у Індыі: ланкійцы працалюбныя і любяць чысціню, чым вельмі нагадваюць беларусаў. На Шры-Ланцы коса глядзяць на папсовую раскошу: маўляў, багаццем не варта выхваляцца, “у нас усе роўныя”. На Шры-Ланцы вельмі дбайна ставяцца да працы на зямлі, і гэтая якасць нам, беларусам, мусі быць найбольш сімпатычнай.
Каралеўскі Батанічны сад у Пераданіі – сваеасаблівае люстэрка ланкійскай працалюбнасці. Сад, закладзены на загад караля Кірты Прыўкраснага, існуе ажно ад 1747 года. Агледзіць усе 150 гектараў таго саду за дзень практычна немагчыма: ногі міжволі спыняюцца каля фантастычных раслінаў і райскіх кветак. Сцежкі ў Батанічным садзе паказальнай чысціні, жываплоты ідэальна падстрыжаныя, а на ўсёй тэрыторыі саду ніколі не сустрэнеце смецця. Нават падчас трыццацігадовай вайны паміж “Тыграмі вызвалення Таміл-Ілама” і ўрадам Шры-Ланкі, якая распачалася ў 1983 годзе, ніводнае дрэва ў Батанічным садзе не пацярпела…
…Сярэднявечныя арабскія географы лічылі, што рай, калі ён сапраўды існаваў на зямлі, знаходзіўся менавіта на Шры-Ланцы. Шпацыруючы сцежкамі Каралеўскага Батанічнага саду, міжволі задумваешся – а мо тыя географы і мелі рацыю?
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара