Расейская авіякампанія Utair пачала выконваць рэйсы па маршруце Сургут – Менск



Як паведамляе прэс-служба Нацыянальнага аэрапорта Менск, перавозку пасажыраў плануецца ажыццяўляць на самалётах Boeing 737-500, разлічаных на 116 пасадачных месцаў эканамкласа.

Авіякампанія будзе выконваць палёты па суботах. Вылет з Сургута ў 9.40 з прыбыццём у менскі аэрапорт у 11.50. Адпраўленне з Менска ў 12.50 з прыбыццём у аэрапорт Сургута ў 18.35 (час для аэрапортаў названы мясцовы). Час у дарозе складае каля чатырох гадзін.

Utair уваходзіць у топ-5 расейскіх авіяперавозчыкаў. Авіякампанія лётае па 150 напрамках, больш за 60 з якіх даступныя толькі пасажырам Utair. У 2017 годзе пасажырапаток авіякампаніі вырас на 9,6% — да 7,3 млн пасажыраў.

У 2017 годзе Utair стаў лідарам у галіне па пунктуальнасці — 98,8% рэйсаў выкананы па раскладзе. У парку Utair 65 самалётаў. Асноўны пункт перасадкі — маскоўскі аэрапорт Унукава, на які прыпадае больш за 160 рэйсаў Utair штодня. Штаб-кватэра Utair размяшчаецца ў Сургуце.

belapan.by