Палац Радзівілаў у Дзятлаве выкупіў расейскі бізнесовец



Размешчаны ў Дзятлаве былы палац Радзівілаў займеў новага ўласніка. Унікальная гістарычная пабудова, якая мае 270-гадовую біяграфію, сышла з малатка ўсяго за 100 рублёў, піша “Вячэрні Гродна”.

Пакупніка палаца ў Дзятлаве шукалі некалькі гадоў. У выніку кошт палаца знізіўся да 3 базавых велічынь за ўвесь будынак (96 рублёў на сёння). Сам палац знаходзіўся ва ўласнасці Дзятлаўскага раёна. Агульная плошча двухпавярховай пабудовы ў стылі барока — 1527 квадратных метраў.

У яго ёсць склеп і чатыры прыбудовы. Плошча самога ўчастка — 41 сотка. Пакупнік атрымаў гэтую зямлю ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў.

Цяпер палац належыць бізнесоўцу з Расеі, які плануе зрабіць там аб’ект сацыяльнай скіраванасці. Не выключаецца, што гэта будзе рэабілітацыйны цэнтр або іншая ўстанова дапамогі людзям.