Расея здымае абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю



Расея з аўторка, 21 верасня, здымае ўсе абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю і аднаўляе іх з Іспаніяй, Іракам, Кеніяй і Славакіяй.

Такое рашэнне раней прыняў аператыўны штаб па барацьбе з каронавірусам, перадае АФН са спасылкай на ТАСС.

Такім чынам, паветраныя зносіны паміж Расеяй і Беларуссю, часова абмежаваныя ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса, будуць адноўлены ў поўным аб’ёме.

У чэрвені Расея павялічыла колькасць рэгулярных рэйсаў з Беларуссю да 10 у тыдзень. З 1 жніўня РФ падвоіла колькасць рэйсаў з Масквы ў Менск, а таксама павялічыла іх колькасць з Сочы і Краснадара.

Да ўвядзення абмежаванняў за тыдзень паміж краінамі здзяйснялася больш за 200 рэйсаў, а пасля пачатку пандэміі — усяго 36.

У Ірак самалёты будуць лётаць па маршруце Масква-Багдад два разы на тыдзень, у Іспанію будзе ажыццяўляцца па чатыры рэйсы ў тыдзень з Масквы ў Мадрыд і Барселону, а таксама па два разы на тыдзень у Малагу і Алікантэ. У Кенію самалёты будуць лётаць з Масквы ў Найробі двойчы ў тыдзень, у Славакію будзе чатыры рэйса ў тыдзень па маршруце Масква-Браціслава і два рэйса ў тыдзень з Санкт-Пецярбурга ў Браціславу.

Іспанію з чэрвеня гэтага года могуць наведваць замежныя турысты, прышчэпленыя ад каронавіруса вакцынамі, ухваленымі СААЗ або Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў. Пры гэтым расейцы могуць патрапіць у гэтую краіну толькі пры наяўнасці дакументальна пацверджаных падстаў. У прыватнасці, заехаць у Іспанію могуць уладальнікі віду на жыхарства ў краіне, члены экіпажаў, супрацоўнікі дыпламатычных місій, міжнародных або гуманітарных арганізацый і некаторых іншых катэгорый грамадзян. Улады Іспаніі не паведамлялі аб змене правілаў ўезду пасля аднаўлення авіязносін.

Для ўезду ў Кенію замежнікі павінны аформіць электронную візу, таксама ім трэба прад’явіць адмоўны вынік ПЦР-тэсту на каронавірус.

У Ірак ўезд замежным падарожнікам забаронены.

novychas.by

Фота: Максім Шэметаў / Reuters