Расея здымае ўсе кавідныя абмежаванні на мяжы з Беларуссю 18 сакавіка



Прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін заявіў, што апоўначы з 17 на 18 сакавіка здымаюцца ўсе кавідныя абмежаванні на ўезд у РФ з боку Беларусі. Ён адзначыў, што свабода перамяшчэння важна для развіцця гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва.

Заява Мішусціна азначае, што зараз можна будзе бесперашкодна заехаць у Расею па зямлі на аўтатранспарце.

Гэта пацвярджаецца і апублікаваным на сайце ўрада РФ распараджэннем ад 17 сакавіка 2022 г. № 522-р. У адпаведнасці з ім адмяняюцца абмежаванні пры праездзе беларусаў у Расею праз сухапутны ўчастак расейска-беларускай дзяржаўнай мяжы.

Так, з сакавіка 2020 года дзейнічала часовае абмежаванне на ўезд у Расію замежнікаў, якія прыбываюць з Беларусі, а таксама саміх беларусаў, але ўжо летам таго ж года аднавіліся авіяпералёты, а ў 2021-м – чыгуначныя зносіны.

Тым не менш пакуль невядома, ці будзе абавязковы пры ўездзе ў Расею ПЦР-тэст для беларускіх грамадзян, якія не маюць віду на жыхарства ў РФ. Напрыклад, гэта неабходна на авіятранспарце.