Расея дазволіла ўезд у краіну беларусам — блізкім сваякам грамадзян РФ
Нягледзячы на часова закрытыя межы, у Расею могуць уязджаць беларусы, якія маюць там блізкіх сваякоў, паведамляе пасольства Беларусі ў РФ.
„Замежныя грамадзяне, калі яны з`яўляюцца блізкімі сваякамі расейцаў, могуць уязджаць у краіну, нягледзячы на часова закрытыя межы”, — гаворыцца ў паведамленні са спасылкай на распараджэнне ўрада Расеі ад 25 сакавіка.
У пасольстве растлумачылі, што паводле распараджэння гаворка ідзе пра асоб, якія з`яўляюцца членамі сям`і (мужам і жонкай, бацькамі, дзецьмі, усынавіцелямі, усыноўленымі), апекунамі грамадзян Расейскай Федэрацыі.
16 сакавіка з-за распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 урад Расеі забараніў на перыяд з 18 сакавіка па 30 красавіка ўезд замежнікам, уключаючы грамадзян Беларусі. Пры гэтым дазвалялася перамяшчацца транзітам, але толькі праз аэрапорты, прычым вылецець можна было толькі з аэрапорта прылёту. У сувязі з гэтым у беларускіх грамадзян, якія вярталіся дадому праз Маскву паветраным шляхам, узнікла праблема трансферу з аэрапорта Унукава, адкуль не лятаюць самалёты ў Менск, у Шарамеццева і Дамадзедава, адкуль самалёты ў беларускую сталіцу лятаюць. Адпаведна і наземным шляхам пасля прылёту ў Маскву ці Санкт-Пецярбург рушыць далей дадому магчымасці не было. З 23 сакавіка, калі пастанова ўрада РФ была афіцыйна апублікаваная, такая магчымасць з`явілася.
Федэральнай службе бяспекі Расеі, у падначаленні якой знаходзіцца пагранслужба краіны, даручана „забяспечыць пропуск цераз дзяржаўную мяжу названых грамадзян”, гаворыцца ў дакуменце.
27 сакавіка Расея спыняе ўсе авіязносіны, за выключэннем вывазу сваіх грамадзян на радзіму. Такое рашэнне прыняў 25 сакавіка прэзідыум каардынацыйнай рады пры ўрадзе РФ па барацьбе з распаўсюджваннем новай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі РФ.
belapan.by