Расколаты камень-валун каля Слоніма



Расколаты камень ляжыць у лесе паблізу Альбярціна (мікрараён Слоніма, раней быў пасёлак) каля дарогі, калі ехаць на вёску Якімавічы. Ён больш за тры метры ў вышыню, тры з паловай метры ў шырыню і ў даўжыню.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сярод слонімцаў бытуе легенда, што некалі тут жыў Янка-асілак. Аднойчы ён сустрэў дзяўчыну незвычайнай прыгажосці і моцна закахаўся. Дзяўчына таксама пакахала юнака. Але аб прыгажуні даведаўся двухгаловы змей і прыляцеў па яе. Насустрач змею выйшаў Янка-асілак і сказаў: “Трымаю бой на жыццё і смерць, але сваю дзяўчыну табе не аддам”.

Янка-асілак і змей сышліся ў чыстым полі. Загрымелі мячы і пачалася бойка. Яны доўга біліся і Янка бачыць, што перамога зусім блізка. Але ён раптам адчуў, што моцна прытупіўся яго меч. “Эх, і патачыць няма чым! – усклікнуў Янка. – Хоць бы камень які пад рукой аказаўся”.

І вырасла перад ім скала, як быццам шчытом закрыла. Не змог змей дастаць сваім мячом Янку, злосна секануў па камені што было сілы – раскалолася скала і выбіла меч з варожых рук. Тут Янка і дабіў змея. А расколаты валун да сённяшніх дзён ляжыць на слонімскай зямлі.

Пра слонімскі расколаты камень існуе і другая легенда. Неяк вяртаўся пан Пуслоўскі з лецішча ў свой маёнтак, што быў у Альбярціне. У дарозе яго застала навальніца. Фаэтон Пуслоўскага спыніўся каля самага каменя-валуна. У гэты момант моцна стукнула маланка і трапіла проста ў камень, які ад удару раскалоўся на дзве часткі.

Два тыдні ў маёнтку Пуслоўскіх гарэлі свечкі ў знак таго, што камень выратаваў пана. Ён пасля загадаў паставіць на камені крыж. А неяк слугі Пуслоўскага спрабавалі даведацца, на колькі метраў валун знаходзіцца ў зямлі. Яны пракапалі ўглыб на некалькі метраў, але асновы так і не знайшлі. Пан загадаў спыніць гэту работу і засыпаць яму. Што слугі і зрабілі.

Расказваюць людзі і пра трэцюю легенду пра расколаты камень. Калі на нашу зямлю прыйшлі бальшавікі, яны знішчылі многія гістарычныя помнікі. Гэта адбывалася і на Слонімшчыне. Нейкі камісар загадаў узарваць валун некалькім салдатам. А ў той час, магчыма, камень мясцовым насельніцтвам успрымаўся, як рэлігійная святыня, што і стала прычынай такой нянавісці з боку атэістычнай улады. Заклалі бальшавікі пад камень узрыўчатку ды самі падчас выбуху загінулі, а ад валуна адкалоўся толькі кавалак.

Сёння людзі кажуць, што некалі ў шчыліну расколатага каменя магла ўлезці толькі рука. А сёння шчыліна стала шырынёй больш за метр. Мабыць быў на камені і крыж, бо зверху ёсць паглыбленне.

Расколаты камень-валун вось так выглядае сёння. Невядомыя вандалы знішчылі мемарыяльную шыльду, якая была прымацавана ў спецыяльнай каменнай рамцы. Па словах мясцовага лесніка, каля каменя наведвальнікі заўсёды пакідаюць шмат смецця. Не берагуць тое прыгожае, што нам пакінула прырода. А расколаты камень на Слонімшчыне быў прынесены ледніком каля 220-150 тысяч гадоў таму назад са Скандынавіі адзіным блокам. Адны лічаць, што камень раскалоўся тады, калі раставаў лёд. Іншыя кажуць, што ў 1935 годзе ў камень стукнула маланка. Тым не менш, расколаты камень на Слонімшчыне сёння з’яўляецца геалагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара