Расоны – поўнач Беларусі
Расоны — мястэчка ў Беларусі, на беразе аднайменнага возера. Адміністрацыйны цэнтр Расонскага раёну Віцебскай вобласці. Насельніцтва на 2018 год складала 4826 чалавек. Расоншчына – самы паўночны рэгіён Беларусі, мяжуе з Пскоўскай вобласцю Расейскай Федэрацыі. Гэта азёрны край, найбольш вядомае возера Нешчарда, апісанае Янам Баршчэўскім у сваім славутым творы „Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.
Расоншчына звязаная з жыццём вядомага кіраўніка БССР Пятра Машэрава. З 1939 па 1941 гады ён працаваў у Расонах настаўнікам матэматыкі і фізікі. З 1942 па 1944 гады кіраваў партызанскімі атрадамі імя Шчорса і Ракасоўскага, за што яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюзу.
Найбольш адметны архітэктурны помнік у Расонах – сядзіба памешчыка Гласка, якая была ўзведзена ў 1900 годзе на беразе аднайменнага возера.
Расонская царква Узнясення Гасподняга была пабудаваная ў 1871 годзе з бутавага каменю. Адрэстаўраваная ў 1990-я гады.
У Расонах існуе каталіцкая парафія Св. Язафата Кунцэвіча. 18 верасня 2010 года адбылася кансэкрацыя новапабудаванага касцёла.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя