Ражанка – старое мястэчка і нязвыклая царква ў сінагозе



Ражанка – гэта мясцовасць на Шчучыншчыне, у дачыненні да якой слова мястэчка ніколі не знікала. Гэтаму паселішча абавязана аднайменнай чыгуначнай станцыі. Так што для адрознасці нават у савецкі час яно заўсёды мела даўняе найменне “мястэчка Ражанка”. Найверагодней, што назва паходзіць ад слова “ружа” – адсюль Ружанка, якая пазней трансфармавалася ў Ражанку. Ад традыцый самога мястэчка тут засталося не так шмат. Але некаторыя старыя габрэйскія забудовы цэнтру, рэшткі старой брукаванкі, прыдарожная каплічка 19-га стагоддзя, нарэшце праваслаўная царква ў будынку былой… сінагогі – усё гэта мае смак і прыцягальнасць даўніны. У савецкі час у будынку сінагогі быў забаўляльны сельскі клуб, дзе праводзіліся танцы. Пасля канання Савецкага саюзу занядбаную камяніцу перадалі пад праваслаўную царкву, да былой сінагогі зрабілі прыбудоўку, паставілі званіцу. Новы праваслаўны храм быў асвечаны ў гонар Раства Хрыстова ў 2004-ым годзе.

Упершыню Ражанка згадваецца ў шаснаццатым стагоддзі, мясцовасць уваходзіла ў Лідскі павет і належала роду Пацаў. У 17-ым тут быў збудаваны Петрапаўлаўскі касцёл, які дагэтуль упрыгожвае мястэчка. Пра гэты адметны архітэктурны шэдэўр раскажам у іншым матэрыяле. А пакуль трэба сказаць, што з Ражанкай звязана асоба легендарнага яе ўладальніка – Міхала Людвіка Паца, удзельніка напалеонаўскіх войнаў. Чалавека, які ведамы таксама тым, што двойчы страляўся на дуэлі з Адамам Чартарыйскім, былым расейскім міністрам замежных спраў.

На жаль сядзібна-паркавы комплекс не захаваўся да нашага часу. Міхал Людвік Пац быў актыўным удзельнікам вызвольнага паўстання 1830 году. Пасля яго паразы паводле адной з версій яму ўдалося ўцячы праз падземны ход, які вёў ад сядзібы да касцёлу, паводле іншага падання – уладальніка мясцовасці ўратавалі слугі, якія надзейна схавалі свайго дабрадзея, а потым вывезлі. Смешна было прачытаць у аднаго з савецкіх аўтараў, што далейшы лёс гэтага Паца застаўся невядомым. Міхал Людвік Пац быў паранены ў баі пад Астраленкай, потым было некалькі гадоў эміграцыі – у Францыі, Англіі, Валахіі, нарэшце ў Турцыі, дзе ён і памёр у жніўні 1835 году.

У Ражанцы на пляцы мінуўшчына Паца

І ружы цвітуць на месцы палаца.

Але ружы цвітуць улетку. А ўвосень Ражанка мае таксама асаблівую прыцягальнасць і хараство. Пагодлівым сонечным днём падарожніку варта тут спыніцца і пашпацыраваць па цэнтры мястэчка.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, фота аўтара