Роўна — горад, дзе захоўваецца “Бітва пад Воршай”



Роўна – абласны цэнтр ва Украіне з насельніцтвам 248 тысяч чалавек. Горад вядомы з 1283 года, Магдэбургскае права атрымаў у год афіцыйнай даты адкрыцця Амерыкі – 1492-м. Статус горада Роўна займела толькі ў 1939, але мае насычаную гісторыю. Тут былі і баі казацка-сялянскай вайны, мястэчкам валодалі шляхцічы Любамірскія, якія пэўны час з’яўляліся найзаможнейшым родам Польшчы.

У 1782 годзе сюды прыязджаў сам Тадэвуш Касцюшка, ён наведаў палац Любамірскіх, у якім жыла пані Людвіка, яго юнацкае каханне. У Ровенскай гімназіі вучыўся знакаміты пісьменнік Уладзімір Караленка, тут непрацяглы час жыў слынны кампазітар Мікола Лысенка.

2

7

9

Падчас Другой Сусветнай вайны тут размяшчаўся цэнтр Райхскамісарыяту “Украіна” з гаўляйтэрам Эрыкам Кохам на чале. Захаваўся і адзін з бункераў тых часоў.

У Роўне супраць нацыстаў і камуністаў актыўна дзейнічалі атрады Украінскай Паўстанцкай Арміі, адным з актыўных дзеячаў якой быў Дмытро Клячкіўскі, які меў “псеўданім” Клім Савур. Яму цяпер стаіць помнік у Роўне.

10

Ёсць тут і помнік Уласу Самчуку – знанаму ўкраінскаму пісьменніку, журналісту, сябру ўраду УНР. Сярод яго літаратурных твораў ёсць кніга пра барацьбу УПА на Валыні і пра жыццё ўкраінскай эміграцыі ў Канадзе. Помнік Уласу Самчуку стаіць на Тэатральнай плошчы Роўна.

1

На вуліцах горада некаторыя іранізуюць над цяперашнімі ўладамі краіны, на графіці не памылка, так і было задумана. Своеасаблівае параўнанне дзейнага прэзідэнта з папярэднім і дэманстрацыя таго, што істотных зменаў не адбылося.

14

27

У мясцовым краязнаўчым музеі захоўваецца карціна Юзэфа Менціны-Кжэша “Бітва пад Воршай”, напісаная ў 1884 годзе. Таксама тут змешчаны партрэт славутага палкаводца Канстанціна Астрожскага. Мясцовы футбольны клуб “Верес” мае на сваёй эмблеме элемент радавога герба Астрожскіх.

Асобная зала прысвечана падзеям апошняга Майдану, а таксама вайне на Усходзе Украіны з так званымі ДНР і ЛНР. Тут ёсць і шчыт з налепленай на яго выявай Тараса Шаўчэнкі. Шчыт у “Беркута” адабралі пратэстоўцы і выкарыстоўвалі ўжо для сваёй абароны. Таксама ёсць малюнкі дзяцей і жанчын сваім бацькам, дзядзькам, братам.

Ёсць і іншыя экспанаты, напрыклад, стары тэлеграфны апарат, Тора. Роўна доўга было габрэйскім мястэчкам.

19

22

23

У гарадской мэрыі праходзілі выбары лагатыпу для Роўна. Усё гэта не так далёка ад мемарыяльнай дошкі ў гонар Сімона Пятлюры, галоўнага атамана войскаў УНР.

11

15

13

Цікавы лёс помніка загінулым за волю Украіны, які стаіць перад гарадской адміністрацыяй. Пакуль у Грышніх Плаўнях некаторыя адэпты Савецкага Саюза з поўнай сур’ёзнасцю кажуць пра тое, што назва Камсамольск больш пасуе гораду, пакуль у Кіеве спрачаюцца пра некаторыя помнікі савецкай эпохі, у Роўне дэкамунізацыя пачалася даўным-даўно. Яшчэ ў 90-я гады помнік аднаму з катаў, супрацоўніку НКУС Кузняцову, быў “адрэдагаваны”. Яго не зносілі, а проста зрэзалі непатрэбнае, у выніку былі зробленыя крылы, як сімвал памяці тым, хто паклаў жыццё за родную Украіну.

8

Жыхары Роўна ганарацца і сваім заапаркам. Ён знаходзіцца не ў цэнтры горада, а на самым яго краі. Тут ёсць і пеліканы, і ламы, і альпакі — шмат унікальных жывёлін.

3

5

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара