Рэшткі Крэўскага замка
Крэўскі замак – адзін з самых старадаўніх беларускіх замкаў, які быў збудаваны ў XIV стагоддзі. Гэта першы цалкам мураваны замак у Вялікім Княстве Літоўскім. На жаль, цяпер не даводзіцца казаць пра замак, а толькі пра яго руіны…
Рэканструкцыя Сергея Прышчэпы
Назва замка пайшла ад мястэчка Крэва (Смаргонскі раён), якое перадусім вядома як месца падпісання 14 жніўня 1385 года Крэўскай уніі. Тут жа, трыма гадамі раней, у 1382-ім, у замку быў забіты вялікі князь Кейстут. Пазней Крэўскі замак неаднаразова вытрымліваў аблогі татарскага і маскоўскага войскаў. Войны, якія праходзілі на беларускіх землях у розныя часы, таксама пакінулі ў гісторыі замка вельмі шмат слядоў. Таму паціху «перліна» Крэва страчвала сваё аблічча, і на сённяшні дзень ад замка захаваліся толькі часткі сцен і вежаў.
[Not a valid template]
За сваё доўгае жыццё замак многа зведаў: славу і заняпад, аднаўленне і разбурэнне. Але, нягледзячы на ўсё, цікавасць да гэтага мястэчка і Крэўскага замка не меншае, і руіны калісьці велічнага замка працягваюць быць адной з прывабных турыстычных мясцін у Беларусі.
Іна Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі