Ryanair прыйшоў ва Украіну



З восені гэтага года ва Украіне пачне працу лаўкостар Ryanair, паведаміў галоўны юрыст і сакратар Ryanair Юліюш Каморэк.

Як паведамляе ЦТС, топ-менеджар ірландскага лаўкостара ў інтэрв’ю Fly4free на пытанне журналіста пра тое, якая чарговая краіна, куды раней не лётаў перавозчык, і дзе неўзабаве з’явіцца Ryanair, Юліюш Каморэк адказаў: «Ёсць такая краіна на ўсходзе ад Польшчы. Гаворка, відавочна, пра Украіну ».

Далей прадстаўніку кіраўніцтва Ryanair было зададзена пытанне, ці пацвярджае ён словы міністра інфраструктуры Уладзіміра Амеляна пра тое, што авіякампанія пачне лётаць ва Украіну ўжо восенню адначасова ў Кіеў і Львоў? На што быў атрыманы адказ: «Гэта рэальны тэрмін, і спадзяюся, што так і адбудзецца. Зараз узгадняюцца дэталі дамовы».

Адносна будучых маршрутаў у/з Украіны Каморэк паведаміў, што яны не будуць супадаць з тымі, якія былі абвешчаныя вясной мінулага года, калі ўпершыню анансаваўся прыход лаўкостара ва Украіну. «Будуць пэўныя змены ў гэтым раскладзе. Але дакладна будуць запушчаны палёты з Украіны ў Польшчу», – праінфармаваў ён.

Чакаецца, што прэзентацыя авіярэйсаў адбудзецца на працягу двух месяцаў.

Паводле cfts.org.ua

Фота pixabay.com