Рыхтуюцца змены ў закон „Аб турызме”



Міністэрства спорту і турызму сумесна з турыстычнай супольнасцю рыхтуюць змены ў закон „Аб турызме”, паведаміў БелаПАН 26 верасня на 25-й міжнароднай турысцкай выставе „Турбізнес-2018” у Менску дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Молчан.

Паводле яго слоў, змены ў заканадаўства аб турызме ўжо вельмі даўно наспелі, і гэта паказалі падзеі гэтага лета, у прыватнасці, банкруцтва расійскага аператара „Наталі турс”, у выніку якога пацярпелі як беларускія турагенцтвы, так і турысты.

„Мы ўжо даўно рыхтуем свае змены ў заканадаўства, а крызісныя сітуацыі, якія ўзніклі сёлета падчас высокага сезона, лішні раз пацвярджаюць, што нам трэба тэрмінова іх уносіць, — сказаў ён. — На жаль, нашы парламентарыі не схільныя гэта рабіць, улічваючы, што нейкія змены ў закон „Аб турызме” ўносіліся летась. Аднак сітуацыя ў галіне, на рынку змяняецца, павінна змяняцца і заканадаўства”.

Зараз Мінспорту і турызму разам з турыстычнай грамадскасцю працуе над некалькімі асноўнымі блокамі. Першае, што плануецца прадугледзець, — механізм забеспячэння фінансавых і іншых гарантый турыстам, сказаў Молчан. „Гэта трэба для таго, каб у выпадку траплення турыста ў неспадзяваную сітуацыю ён меў магчымасць атрымаць кампенсацыю або свае грошы назад, — адзначыў ён. — Цяпер для забеспячэння гэтай гарантыі мы разглядаем розныя механізмы. Гэта можа быць страхаванне, яго віды таксама абмяркоўваюцца”.

Яшчэ адзін варыянт — стварэнне дзяржаўнага страхавога фонду. „Яго мы разглядаем асцярожна, таму што няясныя працэдуры і прынцып дзеяння. Вопыт іншых краін, у першую чаргу Расіі, паказвае невысокую эфектыўнасць такога фонду”, — сказаў кіраўнік дэпартамента.

Другі блок пытанняў — узмацненне адказнасці і кіравальнасці туріндустрыі. „Сёння дзяржаўная турыстычная адміністрацыя не мае дастатковых рычагоў уплыву на працэсы, якія адбываюцца ў галіне. Мы нікога не ліцэнзуем, у нас няма права вядзення нагляднай дзейнасці. Адзінае — мы атэстоўваем экскурсаводаў або сертыфікуем экскурсійную дзейнасць. Таму мы разглядаем узмацненне кантролю дзяржавы над тургаліной, але гэта ні ў якім выпадку не будзе татальны кантроль. Магчыма, нейкія канкрэтныя віды турыстычнай дзейнасці, звязаныя з выездам нашых грамадзян у далёкія краіны”, — расказаў Молчан.

Трэці блок — нарматыўнае тлумачэнне турыстычных тэрмінаў і момантаў, якія не прапісаныя ў заканадаўстве. „Іх цяжка інтэрпрэтаваць суб’ектам туріндустрыі. Напрыклад, у нас дакладна не прапісаныя функцыі тураператара і турагента. Ёсць размытыя межы, якія трэба акрэсліць больш выразна”, — сказаў ён.

Таксама разглядаецца магчымасць увядзення падпісання электронных дагавораў, як гэта ўжо робіцца ва ўсім свеце, дадаў кіраўнік дэпартамента. Вядзецца гаворка і пра даступнасць грамадзянскай авіяцыі, якая наўпрост звязаная з турызмам. У прыватнасці, гэта зніжэнне кошту білетаў, фарміраванне чартарных рэйсаў унутранай сеткі і г.д.

Паводле слоў Моўчана, на працягу наступнага года папраўкі ў закон ужо могуць быць прынятыя. „Да канца гэтага года, калі атрымаецца, мы плануем аб’яднаць бязвізавыя рэжымы Гродзенскай і Брэсцкай абласцей у адну зону. Абмяркоўваем пытанне павелічэння тэрміну бязвізу з 10 да 15 дзён знаходжання ў гэтай зоне і яе пашырэнне”, — завяршыў кіраўнік дэпартамента па турызме.

belapan.by

Фота Belnovosti