Рым. Бычыны Форум



Першыя рымляне былі патрыярхальнымі аграрыямі, якія не ведалі літаратуры, рыторыкі, юрыспрудэнцыі і нават гладыятарскіх шоў. Усяму гэтаму яны навучыліся ўжо потым, у заваяваных народаў.

За часамі легендарных Тарквініяў і Сервіяў Туліяў рымляне гадавалі быдла, спрачаліся з-за зямельных межаў і цягнулі ў ложкі чужых жонак. Судовыя працэсы над размаітымі мухлярамі і юрліўцамі, а таксама гандль быкамі адбываўся на ўсходнім беразе Тыбра. З тых часоў і па сённяшні дзень гэтае месца называецца ў Рыме “Бычыным Форумам”.

Ад слаўных старарымскіх часоў на “Бычыным Форуме” засталося дзве сіпатычных будыны: Храм Партуна і Храм Геркулеса, апошні — нехарактэрных для Рыма цыліндрычных формаў. Турыстаў каля гэтых помнікаў амаль не бывае. Людзей з фотаапаратамі і смартфонамі вабіць царква Санта-Марыя Касмедын, што стаіць праз дарогу насупраць. У тае царкве знаходзіцца знакамітая мармуровая пліта “Вусны ісціны”, да якой шнуруюцца даўжэзныя чэргі, каб зрабіць сэлфі.

Абодвы храмы Бычынага Форума ўражваюць даскаланасцю формаў і ступенню захаванасці. Але пры дэталёвым аглядзе ў вочы адразу кідаюцца  пластыковыя шклопакеты на вокнах, сучасныя металёвыя штыры ў антычных калонах, а таксама гаражнага выгляду спаруды з фарбаванай бляхі.

Спаскудзіць гістарычную спадчыну ўмеюць не толькі ў нас…

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара