Рым. Імператар Нерон і яго паліцэйскі спецназ
Процьма мярзотнікаў, садыстаў, маньякаў, серыйных забойцаў і іх памагатых захавалася ў гістарычнай памяці выключна дзякуючы запамінальнай пасмяротнай гісторыі.
Кім быў бы Маўсол, дробны сатрап Малой Азіі, які прыдумаў падатак на хаўтуры падданых, калі б яму не збудавалі шыкоўную капліцу, названую ў ягоны гонар “маўзалеем”?
Кім быў бы рымскі імператар Нерон, калі б не абвінавачванне ў падпале Рыма, якое спрычынілася да ягонага самагубства і пасмяротнай фразы “Які акцёр памірае!..”
Кім быў бы бязвольны, палахлівы і тупаваты расейскі цар Мікалай ІІ, вінаваты і ў Хадынскай катастрофе, і ў Цусіме, і ў “курлаўскім расстрэле”, і яшчэ шмат у якіх гнюсных злачынствах, калі б яго разам з сям’ёй не расстралялі ў Екацярынбурзе?
Маўсол, пражыві ён крыху даўжэй, напэўна сканаў бы ад атруты, пасля чаго ягоны труп патапілі б у якім балоце. Акцёр-імператар Нерон мог стаць ахвярай палацавага перавароту і меў бы ўсе шанцы заслужыць славу бязвінна забітага генія сцэны. А Міколка Крывавы, калі б ён дажыў да старасці, безумоўна ператварыўся б у ідыятычнага паралітыка з мокрай шырынкай.
Гісторыя не захавала магілаў сапраўдных герояў. Дзе пахаваныя Салон, Тыберый Гракх ці Вітаўт Вялікі – невядома. Затое магілаў розных мярзотнікаў захаваліся тысячы…
…Імператара Нерона не любяць нават сучасныя рымскія гіды. Падпал Вечнага Горада, абвінавачванне ў гэтым злачынстве хрысціянаў, разбэста, распуста і руйнаванне элементарных этычных нормаў… У цяперашнім Рыме пра Нерона нагадваюць хіба што падмуркі “Залатога палаца”, колькі аскепкаў мармуровых плітаў у Капіталійскім музеі і шыльда каля Калізея, у памяць разбуранай дваццаціметровай статуі неадэкватнага імператара.
Месца пахавання Нерона невядомае. Магчыма, праз ягоную магілу праходзіць аўтастрада. Магчыма, там збудаваны свінарнік. Але, хутчэй за ўсё, на тым месцы – звычайная паша, дзе пасвяцца добрыя і карысныя каровы, з малака якіх вырабляюць цудоўнае італійскае марозіва і не менш цудоўную мацарэлу.
Аднак у Рымскім гістарычным музеі захаваліся косткі і надмагіллі прэтарыянцаў – гэткай імперскай гвардыі, якая за часамі Нерона выконвала ролю імперскіх целаахоўнікаў і АМАПа. Косткі дбайна вывучаюць біяхімікі і антраполагі, надмагіллі выконваюць ролю наглядных дапаможнікаў для школьнікаў, а на магілах памагатых старарымскага дыктатара бухаюць, спяць і спраўляюць патрэбы сучасныя рымскія бомжы.
Sic transit gloria mundi, прабачце за банальнасць.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара