Рым. Порта Маджорэ і маўзалей хлебапёка
Звычайна ў імперыях няма месца для памяці шэраговага грамадзяніна. На плошчах былых імперскіх сталіц узвышаюцца адно трыўмфальныя брамы, конныя помнікі, манументы і бюсты, прысвечаныя каралям, царам, ваеначальнікам ці хаця б паэтам, якія ўслаўлялі бліскучыя і крывавыя эпохі.
Марк Вергілій Эўрысак быў звычайным хлебапёкам, які жыў у Рыме больш чым за дзве тысячы гадоў таму. Пэўна, гэта быў раб, які стаў ліберцінам, а потым адкрыў невялікі бізнэс – уласную пякарню. Дзякуючы якой дасягнуў багацця і павагі.
Магіла Эўрысака знаходзіцца адразу за знакамітай Порта Маджорэ, з адваротнага боку, і таму нават не ўсе турысты, якія аглядаюць антычную браму з боку трамвайнага кола, звяртаюць на яе ўвагу. Наверсе захаваўся надпіс EST HOC MONIMENTUM MARCEI VERGILEI EURYSACIS PISTORIS REDEMPTORIS APPARET, што азначае “Гэта помнік Марка Вергілія Эўрысака, пекара і пастаўшчыка”. Тамака ж можна пабачыць і барэл’еф, які падрабязна ілюструе старарымскую тэхналогію выпечкі хлеба.
Маўзалей Эўрысака стаіць амаль што ўдотык да Порта Маджорэ. Велічная брама ўдала ўпісаная ў Сцяну Аўрэліяна з Акведукам Клаўдыя, прытым зрэзы акведукаў праглядаюцца нават няўзброеным вокам.
І Порта Маджорэ, і Сцяну Аўрэліяна, і знакаміты акведук, безумоўна, будавалі рабы. Ім пашэнціла куды менш за Эўрысака – магілы іх невядомыя, і імёны тых рабоў пазабытыя назаўсёды.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя