Rzeczpospolita: малаімаверна, што ўрад Польшчы прыме рашэнне цалкам закрыць мяжу з Беларуссю
Пасля таго як у мінулую сераду рэжым Лукашэнкі прысудзіў журналісту і актывісту польскай меншасці Анджэю Пачобуту восем гадоў лагераў, урад вырашыў закрыць памежны пераход з Беларуссю ў Баброўніках.

Цяпер на мяжы з Беларуссю засталіся толькі два дзейныя пункты пропуску: у Тарэспалі (пасажырскі) і Кукурыках (таварны).
Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі не выключыў закрыцця астатніх пераходаў.
Паводле звестак газеты Rzeczpospolita, цяпер малаімаверна, што ўрад Польшчы прыме рашэнне цалкам закрыць мяжу з Беларуссю.
«Думаю, што гэта была б дрэнная ідэя. Трэба шукаць спосабы рэальна ўдарыць па рэжыме Лукашэнкі, стварыць праблемы людзям з яго атачэння. Але нельга зачыняць краіну, бо людзі адтуль павінны прыязджаць і бачыць, як выглядае нармальны свет», — сказаў выданню Rzeczpospolita добра інфармаваны суразмоўца з кіроўных колаў.
