Самае цікавае ў Прынёманні за тры дні
Спецыялісты распрацавалі маршрут «Залатое кальцо Гарадзеншчыны”, лагістыка якога дазваляе наведаць за такі кароткі тэрмін самыя прывабныя турыстычныя аб’екты рэгіёну.
У маршрут увайшлі больш за дваццаць населеных пунктаў у розных раёнах вобласці, распавялі ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама. Шчучыншчына будзе першай, куды прапануюць заехаць турыстам.
У раённым цэнтры не пакіне абыякавымі рэканструяваны палац князёў Друцкіх-Любецкіх. Цікавасць у гасцей выклікае будынак ордэна піяраў, дзе вучыўся геолаг, этнолаг, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка. Пра лёс музыканта Чэслава Немана падрабязна раскажуць на яго малой радзіме ў Старых Васілішках.
Гэта далёка не ўсе турыстычныя аб’екты багатай на даты, імёны і падзеі Шчучынскай зямлі.
Лідскі замак
Задача новага маршруту – зацікавіць турыстаў і заахвоціць прыехаць ізноў ужо для больш блізкага знаёмства з тым ці іншым рэгіёнам.
Гальшанскі замак
Але пакуль з улікам лагістыкі ў турыстычны маршрут «Залатое кальцо Гарадзеншчыны” увайшлі, акрамя Шчучынскага раёна, Лідскі, Наваградскі, Іўеўскі, Ашмянскі, Астравецкі, Смаргоньскі, Карэліцкі, Слонімскі, Зэльвенскі, Гарадзенскі.
Крэўскі замак
Турысты ўбачаць нашы замкі і сядзібна-паркавыя комплексы, святыні і месцы, якія адыгралі ролю ў сусветнай гісторыі, куткі, апетыя вядомымі паэтамі і празаікамі.
Наваградскі замак
Любчанскі замак
«Залатое кальцо Гарадзеншчыны” замыкаецца ў раёне Аўгустоўскага канала. У унікальнасці гэтага гідралагічнага збудавання турысты змогуць пераканацца, убачыўшы шлюзы Дамброўка і Нямнова. Запланавана наведванне форта №2 у вёсцы Навумавічы.
Упраўленне спорту і турызму аблвыканкама прапануе турыстычным фірмам Гарадзеншчыны ўзяць новы маршрут на ўзбраенне. Таксама ён будзе размешчаны ў вольным доступе на інтэрнэт-рэсурсах. Плануецца візуалізаваць яго на інтэрактыўнай мапе.