Самаізаляцыя адменена для тых, хто прыбывае больш як з 30 краін



У Беларусі адмянілі абавязковую самаізаляцыю на 14 дзён для грамадзян, якія прыбываюць з многіх дзяржаў, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

З пераліку, вызначанага пастановай урада № 171 ад 25 сакавіка 2020 „Аб мерах па прадухіленні завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19”, Міністэрства аховы здароўя выключыла 37 дзяржаў: Албанію, Аўстрыю, Балгарыю, Бельгію, Боснію і Герцагавіну, Венгрыю, Германію, Грэцыю, Данію, Ірландыю, Ісландыю, Іспанію, Італію, Кітай, Латвію, Літву, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Малдову, Мальту, Манака, Нарвегію, Партугалію, Паўночную Македонію, Польшчу, Румынію, Сербію, Славакію, Славенію, Фінляндыю, Францыю, Харватыю, Чарнагорыю, Чэхію, Швейцарыю, Швецыю, Эстонію.

„Асобы, якія прыбылі з вышэйзгаданых краін, не абавязаныя знаходзіцца ў самаізаляцыі на працягу 14 дзён з дня прыбыцця ў Рэспубліку Беларусь”, — паведамляе прэс-служба.

Пры гэтым у Міністэрстве аховы здароўя падкрэсліваюць, што замежныя грамадзяне, якія прыбываюць у Беларусь, абавязаныя мець пры перасячэнні беларускай мяжы адмоўны вынік ПЦР-даследавання, выкананага не пазней за два дні да даты перасячэння мяжы.

Міністэрства аховы здароўя таксама прыводзіць спіс медустаноў, дзе беларусы і замежныя грамадзяне, што жадаюць выехаць у краіны, якія патрабуюць афіцыйнае пацвярджэнне адсутнасці каранавіруса, могуць зрабіць тэст на COVID-19. Лабараторныя ПЦР-даследаванні на наяўнасць COVID-19 на платнай аснове праводзяцца не толькі ў Мінску, але і ў абласных цэнтрах, падкрэслілі ў міністэрстве.

У пералік увайшлі Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Віцебскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскія абласны і гарадскі цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Як паведамлялася, першы чартарны рэйс у Албанію з Беларусі запланаваны 12 чэрвеня. Анансаваны раней чартар у Чарнагорыю перанесены з 16 чэрвеня на 1 ліпеня. 1 ліпеня для беларусаў адкрые свае межы і Турцыя.

belapan.by

Фота pramen-news.by