Самая прыгожая ёлка ў Еўропе



У Вільні, як заўжды, – найпрыгажэйшая святочная ёлка ў Еўропе. Яе штогод да Калядаў усталёўваюць на галоўнай плошчы горада – Кафедральнай.

На гэты раз літоўскія ўлады парадавалі новым крэатывам. Незвычайная калядная ёлка зробленая ў стылі хайтэк. Дарэчы, сёлета яна атрымала званне самай прыгожай ёлкі ў Еўропе ў 2020 годзе па версіі турыстычнай арганізацыі European Best Destinations. Усяго ў падборку ўвайшлі 19 навагодніх ёлак з еўрапейскіх гарадоў. На другім месцы апынулася ёлка са Страсбурга (Францыя). Замыкае тройку лідараў галоўная ёлка Прагі.

Вышыня віленскай прыгажуні складае 24 метры, ёй зручна любавацца на адлегласці, пазбягаючы кантактаў. Таму гэтая ёлка-інсталяцыя выдатна падыходзіць да святаў ва ўмовах каранціну. На ёй няма дробных цацачных упрыгожанняў. Ёлка зроблена з металічных блокаў з LED-лямпачкамі, люстэркамі і жывымі яловымі галінкамі. Іх збіралі ў суседніх лясах так, што самі дрэвы не пацярпелі.

Усе жадаючыя могуць зайсці ўнутр інсталяцыі. І там яны ўбачаць яшчэ адну навагоднюю ёлку, невялікую, упрыгожаную ліхтарыкамі, каралямі ды іншымі цацкамі.

А вось такая ёлачная прыгажуня ўсталяваная на Ратушнай плошчы ў Вільні.

Гэтая ёлка ўзвышаецца каля гандлёвага цэнтра “Акропаліс” у Вільні.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Карына Смоткіна