Самы вялікі рэабілітацыйны цэнтр бурых мядзведзяў у Еўропе
Ён знаходзіцца ва Украіне на тэрыторыі Нацыянальнага прыроднага парка “Сінявір”, які размешчаны ў Міжгорскім раёне Закарпацкай вобласці. Плошча яго складае 12 гектараў. Гэта самы масштабны цэнтр у Еўропе. Невялікі цэнтр ёсць яшчэ і ва ўкраінскім пасёлку Бярозаўка.
Буры мядзведзь – самы вялікі драпежны звер, які жыве на тэрыторыі Украіны. Яго папуляцыя там налічвае каля 300 асобін. А адна з папуляцый бурага мядзведзя знаходзіцца менавіта ва ўкраінскіх Карпатах.
Рэабілітацыйны цэнтр пабудавалі дзесяць год таму, у 2011 годзе, і на гэта Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў Украіны выдаткавала 2.5 мільёна грыўняў. У цэнтры праходзяць рэабілітацыю тыя мядзведзі, якія зазналі жорсткае абыходжанне ў цырках, заапарках, рэстарацыях, нават аўтазапраўках, пацярпелі ад стыхійнага бедства, а таксама тыя, каго забралі ў гаспадароў з-за таго, што апошнія парушалі закон Украіны пры ўзнаўленні іх прыроднай папуляцыі.
Самай рэзананснай гісторыяй ва Украіне стала гісторыя мядзведзя “Патапа”, які ўтрымліваўся ў цеснай клетцы кінаспартовага клубу “Барс”, што ў Луганску. На той час яму было 4 гады і важыў ён 220 кілаграмаў пры росце 2.1 метра. На шыі ў мядзведзя быў аброжак, які знялі потым ветэрынары цэнтра рэабілітацыі. Пасля гэтага на шыі ў мядзведзя застаўся ружовы след. За гэтай гісторыяй пры дапамозе журналістаў сачыла шмат украінцаў.
На тэрыторыі НПП “Сінявір” рэабілітацыйны цэнтр пабудаваны невыпадкова, тут ландшафт і кліматычныя ўмовы адпавядаюць іх прыроднаму асяродку пражывання.
Тэрыторыя парка абгароджаная металічнай моцнай і надзейнай сеткай у глыбіню зямлі да 1.5 метра, а над зямлёй да 3 метраў вышыні. Гэта зроблена з-за таго, што парк наведвае вялікая колькасць турыстаў.
На тэрыторыі парка стаяць інфармацыйныя стэнды пра гісторыю ўтварэння парка, папуляцыю мядзведзяў, умовы іх утрымання. Таксама расказваецца пра кожнага насельніка цэнтра – яго мянушка, параметры, асаблівасці і яго гісторыя пра тое, як ён трапіў у цэнтр рэабілітацыі.
Як пазначана на адным са стэндаў, дзённы рацыён аднаго мядзведзя складае па 5 кілаграмаў яблыкаў і морквы, 2 кілаграма мукі, 6 боханаў белага хлеба, 2 кілаграма рыбы і 5 грамаў солі. Адной жывёле ў суткі неабходна не менш за 17 кілаграм прадуктаў, у ліку якіх мяса, а таксама каля 10 літраў вады.
Асобна ў цэнтры ёсць лакацыі для ўтрымання зусім маленькіх медзвядзянятаў, там асабліва будзе цікава пабываць з дзецьмі.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя