Кошт візаў для Беларусі павялічыцца да 80 еўра
Савет Еўразвяза 6 чэрвеня прыняў змены ў Візавы кодэкс, згодна з якімі консульскі збор павялічыцца з 60 да 80 еўра, паведамляецца на сайце Савета ЕЗ.
Чакаецца, што новыя правілы аблегчаць і паскораць праходжанне візавых працэдур для законапаслухмяных падарожнікаў. У прыватнасці, заяву на атрыманне візы можна будзе падаваць не за тры, а за шэсць месяцаў да меркаванай паездкі, але не пазней чым за 15 дзён. Акрамя таго, будуць гарманізаваныя падыходы, згодна з якімі тэрмін дзеяння шматразовых віз для пастаянных падарожнікаў са станоўчай візавай гісторыяй можна будзе паступова павялічваць да пяці гадоў.
Візавы збор вырашана падвысіць для таго, каб дзяржавы-чальцы ЕЗ маглі „лепш пакрываць выдаткі на афармленне віз”, але так, каб „не адпудзіць заяўнікаў на атрыманне візы”. Разам з тым, у зменах Візавага кодэкса прадугледжаная магчымасць пераглядаць памер збору кожныя тры гады.
Змены ў кодэкс набудуць моц праз паўгода пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕЗ.
Раней у прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі БелаПАН растлумачылі, што ў выпадку падпісання Менскам і Бруселем пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт шэнгенскіх віз для Беларусі складзе 35 еўра. Каментуючы меркаваныя змены ў Візавы кодэкс, у прадстаўніцтве адзначылі, што „павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаныя паміж ЕЗ і шэрагам трэціх краін, такіх як Расея, Арменія і Азербайджан”.
Беларусь і ЗС ужо некалькі гадоў вядуць перамовы пра заключэнне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі.
14 мая ў Бруселі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, што праца над пагадненнямі аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі практычна завершаная. „Проста для таго, каб пачаць фінальную стадыю (падпісанне, заключэнне гэтых пагадненняў), неабходна прайсці адпаведную працэдуру — і тут, унутры Еўрапейскага звяза, і ў нас, унутры краіны. Павінны быць прааналізаваныя, узважаныя ўсе моманты, якія, магчыма, насцярожваюць бакі і звязаныя з падпісаннем гэтых пагадненняў. Але я перакананы, што мы зможам завяршыць гэтую працу найбліжэйшым часам”, — заявіў Макей.