Сербія, Чарнагорыя, Нарвегія і іншыя краіны далучыліся да авіябайкоту Беларусі
Некаторыя краіны-кандыдаты на ўступленне ў Еўразвяз, а таксама дзяржавы-члены Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЕАСГ) далучыліся да рашэння ЕЗ пра забарону на допуск у сваю паветраную прастору і аэрапорты самалётаў беларускіх авіякампаній, паведаміў афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕЗ Петэр Стана, піша interfax.by.
„Краіны-кандыдаты, у прыватнасці, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія і Албанія, а таксама такія краіны ЕАСГ, як Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія, члены Еўрапейскай эканамічнай зоны, далучаюцца да рашэння Савета ЕЗ”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У дакуменце адзначаецца, што вышэйпералічаныя краіны забяспечаць „адпаведнасць сваёй нацыянальнай палітыкі гэтаму рашэнню Савета”.
4 чэрвеня Савет ЕЗ абвясціў, што ўводзіць забарону на выкарыстанне беларускімі самалётамі паветранай прасторы краін ЕЗ і на іх допуск у еўрапейскія аэрапорты. Гэта рашэнне ўступіла ў сілу 5 чэрвеня.
У дакуменце Савета адзначаецца, што дзяржавы-члены ЕЗ цяпер павінны будуць адмаўляць беларускім лайнерам у дазволе на пасадку, узлёт з іх тэрыторыі або ў выкарыстанні іх паветранай прасторы. Пры гэтым у дакуменце ўдакладняецца, што забарона „не распаўсюджваецца на выпадкі ўзнікнення неабходнасці экстранай пасадкі або экстранага пралёту” над тэрыторыяй ЕЗ.