Шчучын: адроджаны кляштар піяраў



У самым цэнтры Шчучына сярод гарадской забудовы ўзвышаецца вялікі мураваны касцёл Святой Тэрэзы. Яго аб’ёмны купал добра відаць здалёк. Побач з касцёлам стаіць не менш цікавы  ў архітэктурна-гістарычным плане двухапвярховы будынак кляштара, які належыў некалі каталіцкаму ордэну піяраў.

Слова “піяр” зараз трывала ўкаранілася ў лексікон як прыстаўка да азначэння медыйных тэхналогій і мае на сёння пераважна негатыўнае значанне. Што ж датычыць каталіцкага манаскага ордэну піяраў, то ён, як ведама, быў заснаваны гішпанскім святаром Хасэ дэ Каласанцам. Гэтым місіянерам былі ўведзены новыя прынцыпы выхавання моладзі, паводле якіх школа мусіла клапаціцца пра маральнасць вучняў. На беларускія землі закон піяраў прыйшоў у сямідзесятых гадах 17-га стагоддзя, калі тут ужо быў забаронены ордэн езуітаў. У прынцыпе сваёй сістэмы адукацыі піяры шмат перанялі менавіта ад езуітаў.

Гістарычныя крыніцы сведчаць, што каталікі ў Шчучыне з’явіліся яшчэ ў 15 ст. Асяродак піяраў у Шчучыне быў фундаваны ў 1726 полацкім войскім Глябіцкім-Юзафовічам. Мясцовы калегіум адносіўся да Літоўскай правінцыі ордэну і быў адным з сама значных. Спрыялі яго адкрыццю уладальнікі гэтых земляў – Сцыпіёны. У пачатковай школу праходзіла навучанне і выхаванне мясцовая моладзь. Юнакі вывучалі  арыфметыку, філасофію, рыторыку, прыродазнаўства, медыцыну, лаціну. Акрамя гэтага магнаты фундавалі пэўную суму грошай на пабудову тут піярскага кляштару, а  ў 1742 г. Тэрэза Сцыпіён заснавала пры касцёле шпіталь-прытулак для хворых і ўбогіх.

У пачатку наступнага стагоддзя ўладальнікамі Шчучына сталі Друцкія-Любецкія. Князь Ксаверы Друцкі-Любецкі ў 1826-29 гг. пабудаваў новы мураваны храм ў стылі класіцызму. Пры піярах горад мог пахваліцца сваім батанічным садам, заклаў які Станіслаў Юндзіл. У мясцовым дэндрарыі, пад які быў адведзены адмысловы зямельны надзел, вырошчвалася больш 500 відаў раслін. Сучаснікі адзначалі, што шчучынскі батанічны сад быў нават лепшым за Гарадзенскі. Стварылі піяры і кляштарную бібліятэку, дзе былі таксама разнастайныя матэматычныя і фізічныя прылады.

Пасля лістападаўскага паўстання 1830-31 гг. дзейнасць кляштару была забаронена. Вярнуліся піяры ў Шчучын толькі пасля першай сусветнай вайны з усталяваннем на гэтых землях польскай улады. Але ненадоўга. Пасля другой вайны касцёльна-кляштарны комплекс зачынілі і ў савецкі часы ён не дзеіў. Вярнулі будынак і маёмасць вернікам толькі ў 1988-ым. У 1989 годзе праведзена грунтоўная рэстаўрацыя кляштару, у выніку якой занядбалым будынкам была вернута даўняя веліч. Сёння тут ізноў працуе піярскі калегіюм.

Са славутай шчучынскай школай піяраў звязаны імёны Казімера Нарбута (1738-1806), брата гісторыка Тодара Нарбута, філосафа, аўтара першага на землях Рэчы Паспалітай падручніка логікі, Станіслава Баніфацыя Юндзіла (1761-1847), прыродазнаўцы, пазнейшага прафесара Віленскага ўніверсітэту, аўтара вядомых падручнікаў па батаніцы і заалогіі, Ануфрыя Петрашкевіча (1793-1863), будучага студэнта Віленскага ўніверсітэту, філамата, сябра Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі(1802-1889), навукоўцы-геолага, філамата, будучага нацыянальнага героя Чылі, многіх іншых таленавітых асобаў.

Сёння будынкі калегіума і кляштарны падворак дагледжаны, па тэрыторыі сноўдаюць вавёркі, якія жывуць тут досыць даўно. У інфармацыйнай аздобе, што прыемна, пераважае беларуская мова.

[Not a valid template]

Сяргей Сянкевіч, Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя