Шэнтэндрэ – гарадок мастакоў і марцыпанаў
Шэнтэндрэ, ці як яго яшчэ вымаўляюць Сентэндрэ, – невялікі горад у цэнтральнай частцы Венгрыі, можна сказаць прыгарад Будапешта, бо ад сталіцы Вугоршчыны да яго толькі 20 кіламетраў. Горад быў заснаваны ў 17-ым стагоддзі сербамі, што ўцякалі сюды, ратуючыся ад пераследу туркаў. Сербы і зараз складаюць значную частку насельніцтва Шэнтэндрэ. Сёння гэта гарадок, які лічыцца месцам мастакоў, тут многа разнастайных галерэй і майстэрняў.
Адной з галоўных візітовак Шэнтэндрэ ёсць Музей марцыпана. З марцыпанаў тут зроблена мноства экспанатаў – карункавыя сурвэткі, карэта, паменшаныя копіі храмаў, цэлыя крэслы і нават скульптуры зорак Галівуду. Аматараў слодыча чакае шырокі выбар гэтага прысмаку ў адмысловай краме.
З помнікаў архітэктуры пераважаюць праваслаўныя храмы, іх тут ажно чатыры. Ёсць і некалькі каталіцкіх касцёлаў. Вулічкі гораду на гарыстай паверхні месцамі вельмі вузкія і пакручастыя.
Акрамя Музея марцыпана ў Шэнтэндрэ ёсць яшчэ каля 15 розных музейных адметных збораў, які прывабліваюць турыстаў з усёй Еўропы – музей грамадскага транспарту Будапешта, музей сербскага праваслаўнага мастацтва, музей віна, этнаграфічны музей пад адкрытым небам і іншыя адметныя культурніцкія асяродкі.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара