Шпацыры па беларускай Маскве: магіла М. Доўнар-Запольскага
Не вельмі шырока вядомае, але важнае для беларусаў месца ў Маскве – магіла прафесара Мітрафана Доўнар-Запольскага, славутага беларускага гісторыка і этнографа пачатку XX стагоддзя, дыпламата БНР.
Доўнар-Запольскі – аўтар шэрагу фундаментальных працаў па гісторыі Беларусі і лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай гісторыяграфіі. Ён быў адным з першых, хто ня толькі вывучаў беларускія звычаі і культуру, але і даследваў Беларусь як асобную краіну з уласнымі дзяржаўніцкімі традыцыямі.
Нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі 2 чэрвеня 1867 года ў Рэчыцы ў сям’і службоўца. Дзяцінства правёў у Рэчыцы, Менску, Мазыры і Бабруйску, а ягоная навуковая і выкладчыцкая дзейнасць была звязаная з некалькімі сучаснымі краінамі: Доўнар-Запольскі скончыў Кіеўскі ўніверсітэт св. Уладзіміра і абараніў там доктарскую дысертацыю, выкладаў у Маскоўскім і Кіеўскім універсітэтах, а таксама ў адукацыйных установах у Харкаве, Баку і, канечне ж, у Беларусі.
У 1918 годзе Доўнар-Запольскі актыўна падтрымліваў стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і ўдзельнічаў у працы яе органаў. Тады ж ён распрацаваў першы праект стварэння беларускага ўніверсітэту.
Жывучы ў 1918 годзе ў Кіеве, Доўнар-Запольскі ўзначальваў Беларускую гандлёвую палату, а таксама ўдзельнічаў у працы дыпламатычнае місіі БНР ва Украіне, якая кантактавала з прадстаўнікамі Савецкай Расеі, Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны. Па заданні ўладаў БНР Мітрафан Доўнар-Запольскі склаў адмысловы Мемарыял аб гісторыі Беларусі і беларускай дзяржаўнасці – “Асновы дзяржаўнасці Беларусі”. Гэты дакумент быў перакладзены на некалькі замежных моваў і актыўна выкарыстоўваўся дыпламатамі БНР, якім было неабходна весці асветніцкую працу сярод замежных урадаў, абгрунтоўваючы гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці і правы беларускага народу на незалежнасць.
У 1925-1926 гадах Доўнар-Запольскі быў загадчыкам кафедры гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, а ў 1925 годзе быў адным з стваральнікаў археаграфічнай камісіі Інбелкульту (цяперашняй Акадэміі навук Беларусі).
У 1926 годзе савецкія ўлады вымусілі Доўнар-Запольскага з’ехаць у Маскву, дзе ён правёў апошнія гады свайго жыцьця. Нагодай для гэтага стала напісаная ім кніга па гісторыі Беларусі, якая супярэчыла афіцыйнай бальшавісцкай ідэалогіі. Рукапіс кнігі быў канфіскаваны, а самога гісторыка пазбавілі магчымасьці працаваць на радзіме.
Мітрафан Доўнар-Запольскі памёр у 1934 годзе, не дажыўшы лічаных гадоў да масавага савецкага тэрору супраць беларускай інтэлектуальнай эліты.
У гонар Доўнар-Запольскага, прафесара Кіеўскага ўніверсітэта і заснавальніка цяперашняга Нацыянальнага эканамічнага ўніверсітэту імя Вадыма Гэцьмана, названая вуліца ў Кіеве. Цікава, што з 1965 па 2015 гг. яна называлася ў гонар ягонага сына Ўсевалада, кіраўніка бальшавісцкіх атрадаў у Кіеве, памерлага ў 1919 годзе. Гарадзкія ўлады перайменавалі вуліцу ў 2015 годзе ў рамках дэкамунізацыі тапаніміі.
Урна з прахам прафесара Доўнар-Запольскага знаходзіцца ў калюмбарыі царквы Новых Данскіх Могілак у Маскве. Першым сярод беларускіх гісторыкаў на магілу звярнуў увагу Уладзімір Арлоў.
Як знайсці:
Новыя Данскія могілкі, Царква Серафіма Сароўскага і Ганны Кашынскай, Данская плошча, дом 1с29.
Ад станцыі метро “Шабалаўская” пасля выхаду направа па вуліцы Шабалаўка, потым направа па вуліцы Арджанікідзэ, потым направа па вуліцы Данской. Шлях пешкі ад мэтро – каля 20 хвілінаў.
Царква знаходзіцца наўпрост насупраць уваходу ў Новыя Данскія Могілкі. Для наведвання калюмбарыю царквы трэба ўзяць ключы ў адміністрацыі могілак (прадстаўляюцца свабодна). Калюмбарый мае правае і левае крылы – патрэбнае правае крыло ад уваходу. Урна з прахам Доўнар-Запольскага знаходзіцца прыкладна ў 10 метрах ад уваходу ў правае крыло калюмбарыю, у асноўнай галерэі.