Што чакаюць ад „бязвіза” на Піншчыне?



На Піншчыне мясцовыя ўлады чакаюць, што ўжо сёлета рэгіён увойдзе ў зону дзеяння “бязвіза” і гэта паспрыяе развіццю розных турыстычных напрамкаў.

Не ўсё так адназначна станоўча з “бязвізам”, – кажа эксперт турыстычнай сферы Таццяна Хвагіна. Па яе словах, ёсць і тыя, хто, прынамсі летась, застаўся “ў мінусе”:

– Тыя фірмы, ад якіх прыязджала 5-6 груп, яны, не кожная, прыслалі адну групу. А тыя, якія пачыналі працаваць з нашым рэгіёнам, цалкам выпалі. Тэлефаную, пішу да іх, што здарылася, а яны кажуць: нашыя турысты паехалі самі ў „бязвіз”, яны да нас нават не звярнуліся. Тут трэба было гэта ўлічваць. І можа быць яны прыйшлі не ў вельмі добрыя рукі, таму што экскурсіі праводзяць і людзі без атэстацыі.

Таццяна Хвагіна дадае, што ў цэлым “бязвіз” спрыяе павялічэнню колькасці турыстаў, якія робяць добры ўнёсак у эканоміку краіны, набываючы розныя тавары, спыняючыся ў гатэлях ды карыстаючыся шэрагам паслуг. Але без турфірмаў і экскурсаводаў – усё гэта можа стаць разавай з’явай.

Беларускае Радыё Рацыя