Што дае аб’яднанне бязвізавых турыстычных зон



Аб’яднанне Берасцейскай і Гарадзенскай бязвізавых турыстычных зон. Такі праект указа падрыхтавала Міністэрства спорту і турызму. Паводле намесніка старшыні Беларускага рэспубліканскага саюза туріндустрыі Зміцера Скварчэўскага, аб’яднанне можа значна пашырыць магчымасці беларускага турызму.

– Гэта стварае значна большыя магчымасці для развіцця менавіта ўязднога турызму. На дадзены момант дзве гэтыя зоны, як Гарадзенская, так і Берасцейская, працуюць самі па сабе. Еўрапейцам даволі цікава прыехаць і наведаць гэтыя бязвізавыя зоны. Аднак іх цікавіць перш за ўсё магчымасць транзіту. Канкрэтна зараз кажу пра скандынаваў, яны часта на паромах едуць з Швецыі ў Прыбалтыку, далей на аўтобусах едуць у Польшчу і ў іншыя краіны па Еўропе. Калі яны могуць заехаць праз Гародню, пабыць у Берасці і выехаць, то гэта, канешне, значна больш павялічвае магчымасці для фарміравання турыстычнага прадукту, які ўключае некалькі краін адначасова.

Дадатковыя магчымасці адкрывае і прапанова падоўжыць тэрмін знаходжання турыстаў у бязвізавай зоне, працягвае Зміцер Скварчэўскі.

– Плануецца павялічыць да 15 дзён і вольнае перамяшчэнне з Берасцейскай бязвізававай зоны ў Гарадзенскую. Плануецца далучыць памежныя раёны з Літвой. Гэтыя раёны маюць мяжу з Еўрапейскім звязам, яе таксама трэба адкрываць. Каб турысты ехалі не толькі праз гэтыя некалькі памежных пунктаў, маглі заехаць не праз 2, а праз 3-4 пункты. Гэта таксама важна, каб зноў жа чарга не ўтваралася. І літоўцам, і латышам зручна будзе ехаць. Для Польшчы таксама гэта павялічвае магчымасці прыехаць і паглядзець тыя аб’екты, якія раней яны па бязвізу не маглі наведаць.

Па выніках мінулага году сярэдняе знаходжанне турыстаў у Берасцейскай бязвізавай зоне склала тры з паловай дні, у Гаразенскай — каля двух дзён. У сёлетніх планах беларускіх уладаў таксама аэрапорты ў Берасці і Гародні задзейнічаць для бязвізавага прылёту.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя