Што паглядзець у Пружанах
Пружаны, альбо Пружана – мястэчка на паўночным захадзе Берасцейскай вобласці, якое месціцца на сустоцы ракі Муха і канала Вец. Горад хоць і невялікі, з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек, аднак з’яўляецца раённым цэнтрам. Ад Берасця да Пружанаў можна даехаць па шашы Р83-Р85 аўтобусам ці аўтамабілем, альбо чыгункай да станцыі Аранчыцы адкуль да мясцовай аўтастанцыі курсуюць прыгарадныя аўтобусы. Для аматараў даўніны, мястэчка якому ўжо больш за 600 гадоў будзе цікава некалькімі гісторыка-культурнымі аб’ектамі.
У сядзібна-паркавым ансамблі Швыкоўскіх (вядомы як „Пружанскі палацык”) знаходзіцца музей і рэгулярна праводзяцца культурніцкія мерапрыемствы, гандлёвыя рады 1896 году пабудовы дагэтуль часткова выкарыстоўваюцца па прызначэнні, дзверы касцёла Узнясення Дзевы Марыі і сабору Аляксандра Неўскага ХІХ стагоддзя адчыненыя для вернікаў як для каталікоў так і для праваслаўных, а дархеалагічны помнік „Буцькоўскі ідал” знаёміць турыстаў з дахрысціянскімі часамі. У Пружанах усталяваны памятны знак „Нараджэнне ракі Мухавец”.
Інфраструктура горада для падарожнікаў, калі параўнаць з заходнімі краінамі, якасна ніжэйшая але на мясцовым узроўне пераўзыходзіць шмат якія з райцэнтраў Берасцейскай вобласці. Турыстаў прымае гасцініца „Мухавец” што месціцца на вуліцы Рыгора Шырмы ці бюджэтны „Верас” які належыць мясцоваму малочнаму камбінату. У кавярнях, бістро і рэстаранах ёсць пункты Wi-Fi да якіх, у адрозненні ад таго ж Берасця, доступ з’яўляецца беспарольным. Прасцей за ўсё па горадзе перасоўвацца пешшу, альбо аўтамабілем, таму што грамадскі транспарт курсуе з вялікімі інтэрваламі. Кошты у кропках грамадскага харчавання для наведвальнікаў з сталіцы, альбо буйнога горада заўважна ніжэйшыя.
У Пружанах, у вочы кідаецца вялікая кольскасць „знакаў падзякі” дзейсным і былым чыноўнікам найноўшай гісторыі Беларусі. Наведвальнікі звязваюць гэта з рэспубліканскімі „Дажынкамі 2003”, якія праходзілі ў горадзе. Стан фасадаў будынкаў таксама сведчаць пра тое што з дзясятак гадоў таму, у мястэчку „наводзілі марафет”. Праўда, нівеліруе неадназначныя ўраджанні беларуская мова, на якой напісана большасць з шыльдаў.
Асобную ўвагу хацелася б надаць гербу Пружанаў. Разам з наданнем мястэчку Магдэбурскага права, каралева Ганна Ягелонка даравала пячатку і герб „у срэбным полі звілістая блакітная змяя з залатой каронай на галаве вывяргае дзіця”. Выява, па меркаваннях гісторыкаў, мае італьянскія карані і вельмі падобна да гербу Сфорцаў – кіроўнага міланскага роду часоў рэнесансу. Яго зараз можна пабачыць на архітэктурных і скульптурных кампазіцыях гораду, ды сувенірнай прадукцыі.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце-Пружаны