Што за год змянілася ў беларусаў Швецыі
Ці праводзяцца акцыі салідарнасці ў Швецыі? Ці ведаюць шведы пра палітвязняў у Беларусі?
На гэтыя ды іншыя пытанні ў гутарцы з Алісай Поль адказаў „Госць Рацыі”, беларус, навуковец спадар Сяргей, які ў мэтах бяспекі пажадаў захаваць ананімнасць:
РР: Як даўно прымаеце ў акцыях салідарнасці?
– З самага пачатку, можна сказаць, калі прайшлі выбары. Першы вялікі марш быў у жніўні. Было натхненне, было нашмат больш аптымізму. Здавалася, што трэба толькі паказаць салідарнасць са сваім народам і ўсё зрушыцца максімальна хутка. Нас не было шмат, беларусаў наогул не шмат у нашай мясцовасці. Але не толькі беларусы, але і расейцы, украінцы, шведы падтрымалі нас. Гэта было прыемна, але мы таксама разумелі, што з нашага боку ніякай рызыкі не было. Гэта была такая маральная падтрымка беларусаў.
РР: Як вам падаецца, што змянілася за год?
– Калі казаць пра колькасць, то актыўных удзельнікаў паменшала. Адразу было адчуванне, што некалькі такіх акцый, некалькі такіх інфармацыйных намаганняў і мы зрушым гэту глыбу таталітарызму ў роднай краіне. Потым засталіся людзі, якія разумелі, што гэта ўсё не так проста. Таму зараз суполка не такая вялікая па колькасці, але нейкая такая ўпэўненасць у тым, што мы ўсё роўна будзем рабіць сваю справу, нават калі сітуацыя будзе пагаршацца. Будзем імкнуцца дапамагчы нашай краіне. У мяне асабіста такое меркаванне, што нашых суайчыннікаў пазбаўляюць голасу, пазбаўляюць магчымасці аб’ектыўна глядзець на рэчаіснасць, звязваюць рукі, кідаюць за краты. Мы, людзі на свабодзе, павінны стаць гэтымі вачыма, гэтым голасам нашых суайчыннікаў. Трэба дзейнічаць, хто, калі не мы.
РР: Што вам дапамагае верыць у тое, што перамога прыйдзе?
– Маё асабістае меркаванне, мая прафесійная дзейнасць ды цікавасць да палітыкі, эканомікі, паказваюць, што ўсё гэта, што мы назіраем зараз, гэта агонія. Зразумела, што гэта агонія пратрымацца даўжэй не зможа, бо тытанічныя зрухі ўжо адбыліся. Трэба рухацца далей, бо я не магу сабе ўявіць, як гэта можна адкаціць назад. Таму ўсё больш і больш патрэбна дапамога з нашага боку, узаемадзеянне з іншымі краінамі. Я мяркую, што зараз мы будуем будучую Беларусь, у тым ліку з пункту гледжання гэтых гарызантальных сувязяў. Так, як яно павінна быць арганізавана ў грамадстве. Тое, што я назіраю ў Швецыі, у іншых краінах, няма сумневу, што за гэтым будучыня, а не за таталітарнымі рэжымамі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Суразмоўца дадаў, што пакуль беларусы Швецыі збіраюцца прыкладна раз на тыдзень.
Беларускае Радыё Рацыя