Шведскія авіяцыйныя ўлады адклікалі ў „Белавія” дазвол на палёты паміж Швецыяй і Беларуссю
Шведскае ўпраўленне транспарту прыняло рашэнне часова адмяніць дазвол авіякампаніі „Белавія” на выкананне палётаў паміж Швецыяй і Беларуссю. Гэта рашэнне азначае, што палёты паміж дзвюма краінамі часова спыненыя, гаворыцца ў паведамленні шведскага транспартнага рэгулятара.
Прычынай з’яўляецца інцыдэнт з экстраннай пасадкай самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair 23 траўня ў Менску і „бяспека грамадзянскай авіяцыі”, адзначаецца ў паведамленні.
„Гэта прафілактычнае рашэнне. У цяперашняй сітуацыі мы не бачым гарантаванага бяспечнага кіравання паветраным рухам. Вось чаму мы вырашылі дзейнічаць”, — растлумачыў дырэктар дэпартамента суднаходства і авіяцыі Шведскага транспартнага агенцтва Гунар Юнгберг.
„Мы выдатна разумеем, што гэта можа стварыць праблемы для падарожнікаў. Але бяспека пасажыраў важнейшая за ўсё, таму мы вырашылі часова спыніць палёты. Мы сочым за развіццём сітуацыі з бяспекай грамадзянскай авіяцыі ў Беларусі і рэгіёне”, — дадаў Юнгберг.
Ведамства рэкамендуе пацярпелым пасажырам звязацца са сваімі авіякампаніямі.
Днём 23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Мінску. Як паведаміў блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага”, паступіла інфармацыя аб замініраванні самалёта. У гэты момант борт знаходзіўся недалёка ад мяжы з Літвой. Паводле інфармацыі канала, „звярнуліся да Мінска, каб прынялі самалёт”, і Лукашэнка „даў безумоўную каманду: самалёт разварочваць і прымаць”. Паводле яго даручэння для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік МіГ-29.
Пазней стала вядома пра затрыманне вядомага беларускага блогера і актывіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча, грамадзянка Расеі Сафія Сапега.
Еўрапейскі звяз заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўрасаюза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю.