Швецыя адмяняе амаль усе антыкавідныя абмежаванні
Швецыя з серады, 29 верасня, адмяняе амаль усе абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй каронавіруса, паведаміў шведскі тэлеканал SVT. Сярод іншага, адмяняюцца абмежаванні на колькасць удзельнікаў грамадскіх і прыватных мерапрыемстваў, спыняе дзейнічаць рэкамендацыя працаваць аддалена.
Пры гэтым тым, у каго ёсць сімптомы, рэкамендуецца заставацца дома і правярацца на каронавірус. Людзям, якія не прайшлі поўную вакцынацыю, раяць захоўваць дыстанцыю і пазбягаць шматлюдных мерапрыемстваў.
„Усё, што робіцца цяпер, заснавана на тым, што ў Швецыі высокі ўзровень вакцынацыі. Каб мы адчувалі сябе ў бяспецы, яна павінна быць яшчэ вышэйшай. Калі вы яшчэ не вакцынаваныя, то самы час зрабіць гэта цяпер”, — заявіў галоўны дзяржаўны эпідэміёлаг Швецыі Андэрс Тэгнел.
Па даных Агенцтва грамадскага аховы здароўя Швецыі, 83,6% жыхароў краіны атрымалі як мінімум адну дозу вакцыны ад каронавіруса, 76,5% прышчэпленыя цалкам. Усяго ў Швецыі з пачатку пандэміі было выяўлена 1 151 173 выпадкі каронавіруса, ад наступстваў заражэння памерлі 14 850 чалавек.
Яшчэ 25 верасня большасць антыкаронавірусных абмежаванняў адмяніла Нарвегія. „Як грамадства, мы павінны вучыцца жыць з вірусам. Таму важна, каб тыя, хто не быў вакцынаваны, зрабілі гэта”, — заявіла прэм’ер-міністр краіны Эрна Сульберг.
Улады Даніі адмянілі ўсе каронавірусныя абмежаванні з 10 верасня. Урад заявіў, што больш не лічыць SARS-CoV-2 небяспечнай для грамадства інфекцыяй.
novychas.by паводле dw.com