Сідэ. Турэцкі гатэль для расейцаў, альбо Ліст імператару Веспасіяну
Калі ўзяць антычны горад з грэцка-рымскім мінулым і крыху перакруціць яго ў міксеры, калі ўломкі храмаў, некропаляў і фартэцый раскідаць па Міжземным узбярэжжы, а на старажытных падмурках паставіць гатэлі, крамы і кафэ – атрымаецца сучасны турэцкі курорт Сідэ.
Беларусы, якія выпраўляюцца ў Сідэ на адпачынак, звычайна адпачываюць у адным гатэлі з расейскімі турыстамі. Прынамсі, так здарылася са мной…
* * *
Гатэль, збудаваны проста на антычных руінах, раніца. Сіджу за столікам і п’ю каву. За суседнім сталом – Талян з Чалябы. Я ўжо ведаю, што ён былы міліцыянер і дырэктар нафтабазы. Мая футболка з “Пагоняй” міжволі вабіць яго ўвагу. Праз дзве пляшкі піва Талян намысліваецца:
– Ты чё – бульбаш? Когда объединяться будем?
Пасміхаюся памяркоўна і талерантна:
– Я беларус, а не бульбаш… А прыядноўваць вас хоць заўтра. Са Смаленшчыны і распачнем.
Да сняданка я паспяваю схадзіць на мора, крыху палазіць па грэка-рымскіх руінах і затэлефанаваць жонцы.
– Ды не хвалюйся, – кажу. – Нармалёвыя суседзі. Інтэлігентныя такія, за інтэграцыю…
Вяртаюся ў гатэль на сняданак. Талян з Чалябы ўжо дабрача пахмяліўся і з гэтае нагоды перайшоў на больш моцныя трункі – народны маскоўскі напітак “віскар”, куплены ў duty free Шарамецева. Ягоная жонка Аня, гэткая ядроная баба больш за цэнтнера вагою, па-свойску знаёміцца з супляменнікамі і супляменніцамі “пад вінчык”. Неяк дзіўна паглядае на мяне, але ж не рэагую.
Тым часам Талян з Чалябы дапівае “віскар” і вырашае паплаваць. Тым больш, басейн акурат каля рэстарацыі. Ён залазіць на парэнчы за маёй спінай і кажа:
– Знаешь, брателло, почему у нас объединение не идет? Это всё ваш Батька воду мутит!
Я не паспяваю сказаць, што мой бацька даўно памёр, а іншых мне не трэба, бо разумею: калі славянскі братэла Талян зараз скокне з парэнчаў проста ў басейн, дык напэўна раскроіць сабе чэрап, бо вышыня для скокаў каля двух метраў, а глыбіня басейна такая ж. Талян хрэсціцца і скокае. Мне падаецца, што з глыбіні басейна чуецца гук, нібы ў зоне кувадлам ударылі па рэйцы. Вада становіцца пяшчотна-ружовай. Я злякана заплюшчаю вочы, а калі іх расплюшчваю, бачу мокрага Таляна ўжо каля барнай стойкі. Адной рукой ён трымаецца за скрываўленую галаву, у другой трымае шклянку з гарэлкай…
Увечары, як той казаў, “у нашым клубе танцы”. Таляна чамусь няма. А вось ягоная жонка Аня – тутака, дабрача ўжо падпітая. Зноў дзіўна на мяне паглядае. Гляджу не на яе, а ў другі бок, тым больш, ёсць на што.
У басейне для дзетак апантана танцуюць некалькі дзевак у купальніках. Музыкі ад барнай стойкі ім мала, і таму маладзіцы скочуць пад прайгравальнік:
“Мой парень снова влип в дурные дела, подрался, наглотался какой-то мути. Он так меня достал, и я его прогнала, И я хочу теперь такого, как Путин!”
Нечакана адной дзеўцы становіцца пагана. Яны прысядае ў дзіцячы басейн. З вышыні відно, як вакол ніжняй часткі купальніка ў вадзе паволі расплываецца брыдкая жоўтая пляма…
Як падавалася ў кульмінацыях старасвецкіх раманаў – “наступае момант ісціны”. Ну, думаю, зараз народ прачнецца, ну зараз абурыцца! Зрэшты, ніхто не звяртае на пляму ўвагі акрамя мяне, ды яшчэ менэджэра гатэлю. Ён бярэ хлорку і дэманстрацыйна кідае яе ў басейн з расейскімі русалкамі. Тыя не зважаюць і працягваюць танчыць пад песню пра правадыра нацыі…
Да вячэры я на пляжы, і ў гатэль вяртаюся толькі на вячэру. Прыслухоўваюся да рэплік. “Валька, скажи этому чучмеку в баре, чтобы водочку холодной подавал!» – «А он по-русски не понимает!» – «Щас научим!..»
Праз тры дні я пачынаю ціха марыць пра кулямёт. Ці хаця бы пра атруту, каб закінуць яе ў басейн. Праз пяць у мяне ў галаве спрацоўвае нейкі абарончы тумблер, і я проста перастаю рэагаваць на запрашэнні выпіць, “посидеть чисто по-братски и поговорить за жизнь». Адзіная правільная рэпліка на якія заўгодна запрашэнне – “Прабачце, я вашай мовы не разумею”. Як не дзіўна, дзейнічае.
Зрэшты, не на ўсіх. У гадзіну ночы ў мой нумар нехта шкрабае. Адчыняю. На парозе — Талянава жонка Аня, п’яная, як бэлька.
– Мой козёл уже спит… Ну что стоишь? Пропусти, пока никто не видит!
Дэманстраваць ёй заручальны пярсцёнак бессэнсоўна. Усё адно не разумее.
– У цябе ж мужык замячацельны! – нагадваю нясмела. – Смелы такі, з парэнчаў скокае!
– Да козёл он. И вообще: пьяная баба п…де не хозяйка!
– Я бы з радасцю, — кажу, ну проста агламошаны апошняй рэплікай. – Але ж у мяне трыпер.
– Так я резинки взяла! – Аня пнецца ў мой нумар, нібы штурмавы танк «ИС-2. – Ну, что стоишь? Давай!
Ніколі ў сваім жыцці не лаяўся на жанчын. Але ж давялося…
Адзіныя сапраўды прыстойныя людзі – маладая пара з Рыгі, музыкі. Яны рускія, але абсалютныя еўрапейцы, куды большыя за мяне. Мы цягнем сухое віно і размаўляем пра оперную рэжысуру. У прысутнасці Чалябы, Самары і Екацерынбурга рускія з Рыгі прынцыпова пераходзяць на латыскую мову. Супляменнікі відавочна ў апазіцыі да рыжанаў, і ўжо колькі разоў абазвалі іх “фашыстамі”.
* * *
Ноч. Ясны месяц, бухматыя субтрапічныя зоркі. Я сяджу ў старарымскіх руінах непадалёк антычнага тэатра. І мне чамусь хочацца напісаць ліст імператару Веспасіяну, па загадзе каторага гэты тэатр і збудавалі. Прыблізна такога вось зместу:
“Ave, Ceaser! Ты, пэўна, не ведаеш, што ад нядаўніх часоў у правінцыі Панфілія з’явілася новае барбарскае племя. Яны значна пераўзыходзяць скіфаў дзікунствам, германцаў – быдлярствам, лузітанаў – п’янствам, сардаў – схільнасцю да ляноты, эфесянаў – хлуснёй, а сірыйцаў – прымітыўнай распустай. Але ж пры гэтым нахабна саманазываюцца “Трэцім Рымам”. Толькі, Цэзар, не спяшайся браць іх у палон і прадаваць у рабства. Для тваёй імперскай гаспадаркі яны абсалютна непрыдатныя. Большасць іх мужчынаў з неверагоднымі піўнымі жыватамі, якія будуць замінаць ім быць рабамі на будаўніцтве дарог і акведукаў. Гладыятары з іх ніякія: мілітарны рыштунак яны адразу папрапіваюць. Іх жанчыны схільныя да распусты, але ж калі ты пусціш іх у тэрмы, яны загадзяць усе фрыгідарыі і басейны.
Чуў я, Цэзар, што некаторыя еўрапейскія лідары ўжо схільныя зняць санкцыі з іх дзяржавы. То паўстань з магілы і растлумач гэтым недавумкам, што так нельга рабіць! Выпіваю за тваё здароўе, Веспасіяне, і за твой здаровы дзяржаўны розум…”
* * *
Па хуткім часе рускія з Рыгі з’яджаюць. Па іх вачах я бачу, што ім вельмі няёмка. І мне хочацца сказаць ім нешта добрае. Але я не паспяваю, бо хлопец кажа мне першым:
– Я хочу извиниться за наших соотечественников. Я и сам теперь понимаю, что русским быть стыдно.
Гляджу на яго ачмурэла.
– А вот тут вы неправы. Русским как раз быть не стыдно. Вы ведь русские? А вот быдлом быть действительно стыдно…
Спадзяюся, што гэтыя мілыя і сімпатычныя людзі мяне ўсё ж зразумелі.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара