Сілавікі затрымалі ўжо як мінімум 58 беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы
З пачатку 2022 года пры ўездзе ў Беларусь сілавікі затрымалі прынамсі 58 беларусаў, – паведамляюць праваабаронцы.

З ліку затрыманых як мінімум 10 чалавек ужо асуджаныя да пазбаўлення волі, чатыры чалавекі – да „хатняй хіміі”, а супраць яшчэ сямі пачалі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі паводле адміністратыўных спраў і змяшчалі ў ізалятар на суткі.
Таксама вядомыя выпадкі, калі сілавікі пасля затрымання знішчалі дакументы беларусаў для выезду за мяжу і нават пашпарт. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах або прыходзяць па іх ужо дадому.
Сярод прычын пераследу называюцца каментары ў сацыяльных сетках, удзел у пратэстах у 2020 годзе, рэпосты матэрыялаў, фота з забароненай сімволікай, і ўдзел у акцыях салідарнасці за мяжой.
