Скокі – адроджаная сядзіба Нямцэвічаў
Мясцовасць Скокі ўсяго ў шасці кіламетрах ад Берасця. Ляжыць яна на поўнач ад абласнога цэнтра ў кірунку Высокага. Пару гадоў таму была завершана рэстаўрацыя старадаўняй сядзібы, якая належала роду Нямцэвічаў. Найбольш ведамы яго прадстаўнік – Юльян Урсын Нямцэвіч быў выдатнай асобай свайго часу, адным з паплечнікаў Тадэвуша Касьцюшкі, а таксама – аўтараў Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 году.
Само паселішча Скокі ведама яшчэ з 16-га стагоддзя. Урсын-Нямцэвічы сталі ім валодаць з канца 17-га стагоддзя. Менавіта тады і быў забудаваны палац, закладзены вялікі парк. Юльян Нямцэвіч з’явіўся тут на свет у лютым 1757 году (паводле іншых звестак 1758-га). Вядомы пісьменнік і публіцыст – чалавек багатай і насычанай біяграфіі. Ён шмат падарожнічаў па Еўропе, удзельнічаў у паўстанні 1794 году, быў паранены і захоплены ў палон расейцамі. Пасля вызвалення разам з Касьцюшкам выехаў у Амерыку. У 1807-ым вярнуўся на радзіму, быў палітычным дзеячам. Зноў быў у шэрагах паўстанцаў у 1830-ым, пасля паразы збройнага вызвольнага чыну эміграваў у Парыж, дзе жыў да смерці.
У дваццатым стагоддзі ў Скоках адбылася важная гістарычная падзея – 15 снежня 1917-га тут была падпісана дамова пра перамір’е на Усходнім фронце паміж савецкай Расеяй і заходнімі дзяржавамі. Пра гэта на ўваходзе ў сядзібны комплекс сведчыць адпаведная інфармацыйная шыльда на камені.
У адрэстаўраванай баракальнай сядзібе Нямцэвічаў зараз размешчана музейная экспазіцыя, яна ў стадыі фармавання, зборы цэлы час папаўняюцца. У палацы ўжо праводзяцца выставы, навуковыя канферэнцыі і розныя сустрэчы. Тут бяруць шлюб мясцовыя жыхары і прыезныя, месца ўжо стала папулярным для фатаграфавання ў час вяселляў.
Сядзібу атачае парк, у якім захаваліся і старыя дрэвы, некаторыя гаспадарчыя пабудовы. У парку за домам помнік савецкім воінам. А праз дарогу ад сядзібы створана кавярня з адметнай беларускай назвай “Шляхецкая фарціна” і з гумарам у інтэр’еры.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара