Скульптуры і помнікі Тбілісі



Калі прыязджаеш у сталіцу Грузіі Тбілісі, то заўважаеш на вуліцах, парках і скверах мноства розных помнікаў, малых і вялікіх скульптур, іншых інсталяцый. Яны робяць гэты горад больш гасцінным, цёплым, прывабным і ўтульным. У Тбілісі помнікі – гэта больш, чым проста статуі, гэта практычна паўнавартасныя жыхары горада. Каля іх прызначаюць сустрэчы, з імі фатаграфуюцца, да іх ідуць, едуць і ляцяць людзі з усяго свету. Часам скульптуры нават паўтараюцца ў некалькіх гарадах, як, напрыклад, скульптура тамады. І гэта нават не здзіўляе, бо ўсім турыстам вядома гасціннасць грузінаў і іх уменне прамаўляць тосты. Ну, які тост без віна, якога ў Грузіі так шмат, што нават прапаноўваюць турыстам вінныя ванны для рэлаксу.

Скульптура тамадзе

Гэтая скульптура характэрная тым, што ўяўляе сабой дакладную копію знойдзенай пры раскопках фігуркі, датаванай 7 стагоддзем да нашай эры. Вясёлы і ганарлівы тамада сядзіць на скрыжаванні вуліц Сіёні і Шардэні і запрашае мінакоў падняць тост. Тамада – вельмі важны чалавек у Грузіі, кіраўнік застолля, паважаны і ўшанаваны чалавек. Але яго часта называюць нават дыктатарам, бо толькі ён кіруе ўсім працэсам застолля. Таксама менавіта тамада выступае сэрцам і душой грузінскай кампаніі, аб’ядноўваючы ўсіх гасцей, ён вядзе ўрачыстасць па строга вызначаных спрадвеку правілах.

Турысты вельмі любяць фатаграфавацца на каленях у вясёлага кіраўніка застолля.

Помнік Лямпійшчыку

Менавіта лямпійшчык, так звалі людзей гэтай незвычайнай прафесіі. Вось такі абаяльны Лямпійшчык парадуе вас на праспекце Бараташвілі, непадалёк ад старога будынка тэатра Габрыадзэ і побач з конкай (конны трамвай). Гэтая скульптура як помнік прафесіі, якая адышла ў нябыт з прыходам электрычнасці ў 1927 годзе. Зараз застаўся на ўвесь горад толькі адзін лямпійшчык – бронзавы. Вышыня гэтай рамантычнай скульптуры 3,3 метра, аўтар – Іраклі Цуладзэ.

Міміно на Аўлабары

У 2011 годзе гэты помнік героям усенародна любімага фільма „Міміно” быў устаноўлены ў старым армянскім раёне Аўлабары. Гэта падарунак Тбілісі ад вядомага скульптара Зураба Цэрэтэлі. Фігуры Рубіка, Івана і Валіка (Фрунзік Мкртчан, Вахтанг Кікабідзэ і Яўген Лявонаў), а побач з імі і самога рэжысёра – Георгія Данелія ў гараджан і турыстаў выклікаюць настальгію і саграваюць сваім цяплом і дабром. Побач з гэтым помнікам успамінаюцца шматлікія фразы з дарагіх сэрцу фільмаў маэстра, якія сталі народнымі.

„Міміно” ўстаноўлены ў невялікім парку перад станцыяй метро Аўлабары. Ля скульптуры Вахтанга Кікабідзэ зараз заўсёды ляжаць кветкі як даніна пашаны акцёру і спеваку, які памёр нядаўна.

Помнік Ніко Пірасмані ў Абанатубані

Самы вядомы і любімы грузінскі мастак, які пражыў поўнае нягод трагічнае жыццё. Яго лёс нечым нагадвае лёс вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Ніко Пірасмані, як і Драздовіч, памёр у галечы і непрызнаным, дарыў сваё мастацтва людзям, цешачы іх, кранаючы сэрцы і выклікаючы ўсмешку.

Скульптура прадстаўляе мастака ўкленчаным, з баранчыкам у руках. Помнік крыху сумны, як і ўсё жыццё мастака, слава да якога прыйшла толькі пасля яго смерці. Гэтая скульптура ўнікальная яшчэ і таму, што мастакам не так часта ўзводзяцца помнікі. Ніко Пірасмані варты таго, каб яго памяталі і любілі, што і робяць тбілісцы і госці сталіцы.

Помнік стаіць побач з гасцініцай „Олд Тыфліс” каля серных лазняў. Скульптар: Элгуджа Амашукелі.

Сокал і фазан

Непадалёк ад серных лазняў ёсць фантан з цікавай скульптурай. Яна знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Абанас (Баннай) і Грышашвілі. Скульптура ўстаноўлена тут як напамін пра легенду, якая расказвае пра заснаванне Тбілісі. Згодна з ёй, цар Вахтанг на паляванні запусціў тут свайго сокала. Сокал пагнаўся за фазанам. Далей ёсць розныя варыянты : ці то абедзве птушкі ўпалі ў гарачую ваду крыніцы, ці то толькі фазан зварыўся. Калі цар убачыў крыніцу і птушак, ён аддаў загад пабудаваць на гэтым месцы горад і назваць яго Тбілісі – „горад цёплых крыніц”. Цяпер тут з задавальненнем фатаграфуюцца турысты. А ў цёплыя серныя крыніцы з задавальненнем акунаюцца жыхары і госці горада ў гэтым раёне, які называецца Абанутабані. Там месціцца больш за 10 лазняў, самая прэзентабельная і вядомая з якіх – “пушкінская” або “стракатая”. Мясцовыя жыхары кажуць, што яе вельмі любіў наведваць расейскі паэт.

Малыя скульптуры на праспекце Руставелі

Калі выходзіш на галоўны праспект Руставелі, то ідучы па ім, можна заўважыць маленькія скульптуры розных герояў, якія нечым нагадваюць гномікаў ва Уроцлаве. Кожная такая бронзавая скульптура пакіне пасля сябе розныя вобразы, камусьці яны будуць нагадваць людзей, з якімі сустракаліся ў Тбілісі ў розных месцах, а камусьці проста нагадаюць працаўнікоў гэтага горада.

Грузінскі Стоўнхэндж альбо “Гісторыя Грузіі”

Адзін з самых славутых і велічных скульптурных манументаў Тбілісі – гэта, канешне, грузінскі Стоўнхэндж або манумент “Гісторыя Грузіі”. Ён знаходзіцца на ўскрайку Тбілісі ў раёне Надзаладэві, каля так званага тбіліскага мора. Яго кульптар – Зураб Цэрэтэлі. Сваю працу мастак прысвяціў 3000–годдзю грузінскай дзяржаўнасці і 2000 – годдзю прыняцця ў краіне хрысціянства.

Мы распавялі толькі пра невялікую частку скульптур і помнікаў, якія знаходзяцца ў сталіцы Грузіі – Тбілісі. Кожны з вас знойдзе яшчэ шмат запамінальных і цудоўных скульптурных вобразаў і інсталяцый, калі сам наведае гэты цёплы і ўтульны горад.

Беларускае Радыё Рацыя