Снежаньская вандроўка ў Любчу



Патэлефанаваў былы настаўнік, спартсмен, грамадскі актывіст з Дзятлава Валерый Петрыкевіч з прапановай паехаць з ім на яго маленькую радзіму – у Любчу на Наваградчыну. Адмовіцца ад такой шчырай прапановы было проста немагчыма, тым болей, што Любча – гэта не проста пасёлак, а гістарычнае мястэчка з вялікай і цікавай гісторыяй.

Мы раніцай выехалі з Дзятлава ў напрамку Любчы. Быў вялікі туман, таму снегу ад яго амаль не засталося, толькі сям-там віднеліся белыя купіны на ўзгорыстай наваградскай зямлі. Спадар Валерый адразу пачаў прыгадваць сваё роднае мястэчка: “У Любчы ў дзядулі з бабуляй я заўсёды праводзіў летнія канікулы. Якое тут было вялікае раздолле, тым больш, што побач працякае Нёман. І цяпер у Любчы жыве шмат маіх сваякоў і сяброў. Любчу і наваколлі я вельмі люблю!”.

Са слоў Валерыя Петрыкевіча я даведаўся, што паселiшча Любча вядома яшчэ з ХII стагоддзя, калi яно было аддадзена наваградскiм князем Мiндоўгам кiеўскаму баярыну Андрэю Кiяну, якi, як сведчаць гiсторыкi, знайшоў прыстанiшча ў Наваградку, ратуючыся ад татарскага нашэсця. Пры Гедымiне Любча была ўжо вялiкакняжацкiм уладаннем. Вядома таксама, што ў 1547 годзе Любчу набыў Ян Кiшка, якi, верагодна, з цягам часу i распачаў тут будаўнiцтва замка. Гэтая версiя грунтуецца на тым, што быў знойдзены старажытны замкавы флюгер з выявай герба Кiшкi. Ёсць на тым флюгеры i дата — 1581, што дае падставу некаторым навукоўцам меркаваць, што менавiта ў гэтым годзе пачалося будаўнiцтва мураванага замка.

У 1590 годзе Любча атрымала Магдэбургскае права. Горад меў свой герб. У ХVII стагоддзi Любча з’яўлялася ўладаннем роду Радзiвiлаў. Замак тады меў чатыры вежы, а таксама шэраг жыллёвых ды гаспадарчых пабудоў. Вежы былi ўзведзены ў некалькi ярусаў, на кожным з якiх мелiся байнiцы для стрэльбаў альбо для гармат. У адной з вежаў знаходзілася турма, а таксама скарбоўня. Быў у замку i свой бровар. З трох бакоў замак быў абнесены ровам шырынёй да 30 метраў. З чацвёртага боку была натуральная абарона – Нёман.

Замак у Любчы відаць здалёк. Ён паціху рэстаўрыруецца, набывае прыгожы выгляд. Глядзіш, праз некалькі гадоў сюды будуць прыязджаць турысты з усяго свету. Хаця і цяпер у Любчу, асабліва летам, спяшаюцца турысты, каб пахадзіць і падыхаць мінуўшчынай.

Пасля замку па адной з вуліц Любчы мы паехалі ў накірунку Чарэшлі. Ля самага выезду з Любчы злева перад цэхам Наваградскага масларобнага камбіната ўбачылі зарэсценую кустоўем і дрэвамі былую сядзібу Войнава, а перад ёй — капліцу. Тут жа пры да­ро­зе відаць тры па­ха­ван­ні: славутага генетыка, батаніка, палеантолага і фалькларыста Ула­дзі­сла­ва Ды­боў­ска­га (1838-1910), яго сяст­ры Маль­ві­ны На­ргя­ле­віч і яе му­жа.

Над­ма­гіл­ле ву­чо­на­га, як і са­мо па­ха­ван­не, бы­ло раз­бу­ра­на яшчэ пад­час Другой сусветнай вай­ны. Ця­пер там уста­ля­ва­ны па­мят­ны знак, які

ад­роз­ні­ва­ец­ца ад су­сед­ніх па сты­лі. Гэ­тыя два пом­ні­кі, як і раз­бу­ра­ны помнік Ды­боў­ска­га, бы­лі вы­ка­на­ны ў вы­гля­дзе ка­лон вя­лі­кіх па­ме­раў. Але і яны патрабуюць сёння рамонту, аднаўлення і вядома ж, сама былая сядзіба просіцца, каб яе добраўпарадкавалі.

Пасля Войнава мы вярнуліся ў цэнтр Любчы. На плошчы Салабуціна актыўна працаваў рынак. Вяскоўцы сказалі, што рынак у Любчы заўсёды працуе па панядзелках, бо ў выхадныя гандляры прадаюць свой тавар у гарадах. У Любчы сёння часцей за ўсё  гандлююць зімовым абуткам і адзеннем.

“А цяпер паедзем да Міхася Міхайлавіча Карповіча — былога дырэктара Любчанскай сярэдняй школы”, — прапанаваў Валерый Петрыкевіч. І мы паехалі, спыніўшыся на некалькі хвілін каля Свята-Ільінскай царквы, якая была пабудавана ў 1910-1914 гадах з цэглы на месцы драўлянага храма ў рэтраспектыўна-рускім стылі. “Карповіч падчас сустрэчы адразу пачне распавядаць нам пра мясцовую ўраджэнку Людмілу Сечку, помнік якой стаіць каля школы. Гэта дзяўчына загінула падчас вайны ў адным з баёў, падняўшы мужчын у атаку супраць немцаў каля вёскі Лугамавічы ў 1944 годзе”, — папярэдзіў мяне спадар Петрыкевіч. Хаця я добра ведаю пра подзвіг гэтай дваццацігадовай дзяўчыны, шмат чытаў пра яе. А пісьменніца Вольга Іпатава, калі яшчэ працавала ў 1968-1970 гадах на Гродзенскім тэлебачанні, зрабіла пра Людмілу Сечку цудоўны тэленарыс, які меў вялікі поспех. А потым пісьменніца пра яе напісала паэму і зрабіла эсэ ў часопіс “Советская женщина”, які заняў тады першае месца на нейкім конкурсе і эсэ пераклалі на многія мовы свету.

Калі мы ўвайшлі ў хату Карповічаў, нас шчыра віталі Міхась Міхайлавіч і яго жонка, частуючы сакавітымі антонаўкамі. Пагутарыўшы ў адным з цёплых пакояў, мы пайшлі ў школу паглядзець мясцовы музей. Па дарозе, Міхась Карповіч, сапраўды, пачаў распавядаць пра подзвіг Людмілы Сечкі, паказваючы помнік дзяўчыны на школьным двары.

Народны музей Любчанскага краю нас уразіў. Нават многія раённыя музеі не параўнаюцца са школьным музеем у Любчы. Вельмі з густам, па-мастацку дыхтоўна аформлены музей, шмат у ім матэрыялаў, якія распавядаюць пра вялікую гісторыю не толькі Любчы, але і Наваградчыны. У музеі мы ўбачылі і партрэты Уладзіслава Дыбоўскага і яго сястры Мальвіны Наргялевіч…

Дамоў з Любчы мы вярталіся надвячоркам. Едучы мы доўга разважалі, які ўсё ж прыгожы і багаты на таленты наш край, наша Бацькаўшчына. І не трэба ездзіць у далёкія заморскія краіны, трэба часцей вандраваць па роднай зямлі, вывучаючы яе і сустракаючыся з цікавымі людзьмі і помнікамі.

[Not a valid template]

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя, Наваградскі раён

Фота аўтара