Стала вядома, калі набудзе моц пагадненне аб адмене віз паміж Беларуссю і В’етнамам
13 гадоў таму
Ратыфікаваць пагадненне пра адмену віз паміж Беларуссю і В’етнамам плануецца ўжо ў наступным годзе. Пра гэта паведаміў БЕЛТА пасол Беларусі ў В’етнаме Уладзімір Баравікоў.
„Сёння В’етнам вельмі папулярны ў беларускіх турыстаў, таму спрашчэнне візавага рэжыму для нашых грамадзян толькі вітаецца. Гэта будзе стымуляваць беларусаў часцей прыязджаць адпачываць на цудоўныя курорты В’етнама. З іншага боку, назіраецца вялікая цікавасць у в’етнамцаў да нашай краіны”, – сказаў Баравікоў.
Паводле Баравікова, чакаецца, што ратыфікацыя пагаднення не зойме шмат часу і яно набудзе моц ужо ў наступным годзе.
Акрамя бязвізавага рэжыму бакі працуюць над аднаўленнем прамых авіязносін.