Стамбул. Раён Галата як сацыяльная піраміда



Да асманскага заваявання Канстантынопаля раён Галата быў ці не самым еўрапейскім. Жылі тут пераважна “лаціняне”, купцы ці не з усяе Еўропы. Больш за ўсё было гэнуэзцаў, якія і збудавалі на вяршыні галацкага ўзгорка мураваную вежу амаль стосаракамятровай вышыні.

Туркі, якія прыйшлі на змену візантыйцам у 1453 годзе, абжылі Галату на свой капыл. На падмурках зруйнаваных касцёлаў збудавалі мячэты, а на набярэжнай з’явіўся рынак, які дзейнічае і пагэтуль.

Цяперашняя Галата – гэткая сацыяльная піраміда. Насельнікі прыбярэжных раёнаў нанізе ўзгорка жывуць у трушчобах з абсыпанай тынкоўкай і рынкам, які ад віруе ад рана да вечара. Крыху вышэй сустракаюцца і збольшага дагледжаныя дамы пачатку дваццатага стагоддзя, і сучасныя офісы. А на самым версе ўзгорка, блізка генуэзскай вежы, ззяюць выдатна адрэстаўраваныя будыны заможных галаційцаў.

Між іншым: напачатку дваццатых гадоў Галата была ці не самым папулярным раёнам у расейскіх белаэмігрантаў. Былыя ўрангелеўскія палкоўнікі працавалі тут грузчыкамі, а іх жонкі ўвіхаліся ў пральнях і бардэлях. Нешта падказвае, што мала хто з іх падняўся хаця б на адну ступеньку вышэй.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя